У Светлагорску апытваюць людзей пра дачыненне праваабаронцы да псавання машыны суддзі і распаўсюду ўлётак

Палеская Вясна 19.03.2021

Жыхароў гораду наўпрост пытаюць ці вядома ім нешта пра тое, што нехта падрапаў аўтамабіль суддзі мясцовага суду Уладзіміра Сцяпанава, а таксама распаўсюдзіў па горадзе ўлёткі з непрыемнай храктарыстыкай гэтага чалавека, і ці магла гэта быць кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова разам з нейкай пенсіянеркай.


Алена МАСЛЮКОВА.

Пра гэта Палескай Вясне распавяла жыхарка гораду Наталля Грышко. 17 сакавіка да яе ў кватэру, дзе яна гадуе пяцярых дзетак, спрабаваў трапіць невядомы чалавек у цывільным адзенні. Самой Наталлі ў гэты час не было дома, яе муж Дзмітрый зараз знаходзіцца на працы па-за межамі краіны. Дома быў старэйшы сын. Дзеці моцна напужаліся, калі ў дзверы настойліва грукаў невядомы дзядзька. Не трапіўшы ў жытло Грышко, ён паразмаўляў з суседзямі.

18 сакавіка ды Наталлі Грышко, усё ж прыйшоў супрацоўнік сілавых структураў і апытаў яе. Апытанне адбывалася ў межах нейкай справы пра псаванне аўтамабіля суддзі Уладзіміра Сцяпанава і распаўсюд улётак пра яго. Пры гэтым наўпрост задаваліся пытанні аб магчымай датычнасці да справы кіраўніцы Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алены Маслюковай.

Наталля Грышко нічога ні пра гэтую справу, ні тым больш пра датычнасць да яе Маслюковай не ведае, пра што і паведаміла сілавіку. Раней усю сям’ю Грышко рэпрэсавалі за ажыццяўленне імі свайго права на мірныя сходы і выказванне сваіх меркаванняў з парушэннем прынятых цяперашняй уладай парадкаў. Падчас апытання з Наталлі не бралі падпіску аб неразгалошванні, як гэта звычайна робяць сілавікі, калі збіраюць матэрыялы ў справах палітычнага пераследу, таму яна мае магчымасць распавесці аб акалічнасцях апытання.

«Я ведаю, што неяк даўней у нашым горадзе нехта падрапаў тую машыну таму суддзю. Але займацца мне такім – прабачце, не той узровень. Натуральна, што я ўспрымаю гэта, як поўную бязглуздзіцу і спробу знайсці на мяне хаця б нешта, каб прыцягнуць у якасці падазраванай ці абвінавачанай і зняволіць. Улёткі я таксама проста фізічна не магла друкаваць, бо не маю адпаведнага абсталявання. Я ажыццяўляю праваабарончую дзейнаць, дапамагаючы тым, хто вядзе барацьбу за свабоду ў Беларусі, абараняць свае правы. Пры гэтым я працую цалкам у прававым полі і мне нават думак ніколі не прыходзіла ў галаву, каб рабіць нешта не прававое, кшталту псавання чыёйсці маёмасці альбо абразаў кагосьці», – пракаментавала сітуацыю Алена Маслюкова.