Звальненне з працы, арышты, штрафы і шантаж дзецьмі. У Светлагорску рэпрэсуюць цэлую сям’ю

Андрусь ГАЁВЫ 03.11.2020

>>>>

Сваю гісторыю Палескай Вясне распавялі жыхары Светлагорска, якіх за рэалізацыю канстытуцыйнага права кінулі з засценкі мясцовага РАУС, аштрафавалі і пагражалі разгледзець пытанне аб наданні сям’і статуса той, якая знаходзіцца ў сацыяльна-небыспечным становішчы.

Затрыманні і нечалавечыя ўмовы ў зняволенні

Аляксей Грышко – цяпер ужо былы вядучы інжынер па аўтаматызацыі на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Апошнія месяцы ён працаваў на тым самым новапабудаваным скандальным заводзе беленай цэлюлозы і бачыў знутры ўсе тыя хібы, якія ці не штодня «вылазяць» пры эксплуатацыі прадпрыемства. У немалой ступені і гэта паўплывала на тое, што ён пачаў удзельнічаць у пратэстных акцыях, якія адбываюцца ў горадзе пасля фальсіфікаваных выбараў прэзідэнта.


Аляксей ГРЫШКО

18 кастрычніка група грамадзян сабралася на адной з вуліц горада, каб выказаць нязгоду з нелегітымнай уладай і гвалтам, які адбываецца ў краіне. Спачатку супрацоўнікі карных органаў нікога не чапалі. Калі ўжо ўдзельнікі мірнага сходу фактычна разыйшліся, некалькі чалавек спыніліся каля ляснога масіва, сярод якога месцяцца жылыя кварталы Светлагорска. Менавіта тут на іх напалі карнікі і пачалі затрымліваць. Трапіўся ў рукі сілавікоў і Аляксей Грышко разам са сваім братам Дзмітрыем і ягонай жонкай Наталляй.

Іх разам з іншымі затрыманымі завезлі ў РАУС і змясцілі ў камеры ізалятара часовага ўтрымання. Пра ўмовы, у якіх утрымлівалі нават паводле цяперашняга беларускага заканадаўства яшчэ юрыдыча невінаватых людзей, браты распавядаюць з жахам. Ракавіна з дзіркай, умураваная ў падлогу, проста ў камеры без аніякіх сцен і дзвярэй у якасці прыбіральні. З калідора праз дзірку ў сцяне працягнуты кавалак гумавага шлангу, праз які паступае вада. Але, каб яна пабегла, трэба грукаць у дзверы і прасіць ахоўніка яе ўключыць звонку. І з гэтага шланга даводзілася і змываць у тым падабенстве ўнітазу, і набіраць ваду для піцця, і мыцца. Пры гэтым нейкай ракавіны для мыцця ў камеры няма.

Спаць даводзілася на голых матрацах. Прычым, у камеру, дзе было тры спальныя месцы, карнікі змясцілі ўдвая больш затрыманых. Спаць даводзілася пачаргова.

Суд над братамі Грышко адбыўся толькі на наступны дзень бліжэй да вечара. Ён прайшоў фактычна ў закрытым рэжыме – суддзя Уладзімір Сцяпанаў, замест таго, каб праводзіць паседжанне ў памяшканні суда, куды могуць трапіць усе ахвочыя, у тым ліку і праваабаронцы, сам прыйшоў у месца зняволення, куды больш нікога не пускаюць, і правёў суд проста ў ІЧУ. Аляксею і Дзмітрыю ён прысудзіў па 15 базавых вялічыняў штрафу (405 рублёў). 

Аляксей і Дзмірый выйшлі на волю недзе каля 17-й гадзіны 19 кастрычніка і разам з яшчэ некалькімі вызваленымі стаялі каля РАУС, чакаючы дзяўчыну, якая была затрыманая разам з імі і таксама павінна была вызваліцца. Праз 10 хвілін чакання з РАУС выйшлі міліцыянты і зноў затрымалі Дзмітрыя. Недзе 2 гадзіны ён проста сядзеў у чаканні вольнага супрацоўніка РАУС. Потым на яго аформілі паперы за ўдзел у нібыта несанкцыянаванай акцыі 17 кастрычніка і зноў змясцілі ў ІЧУ. Суд над ім адбыўся толькі 20 кастрычніка. Гэтым разам яму прысудзілі 7 сутак арышту.

Дзеці, як закладнікі рэжыму

У сям’і Дзмітрыя і Наталлі Грышко пяцёра дзяцей. Старэйшаму хлопцу цяпер 14 гадоў, меншаму – два. 18 кастрычніка, калі маці і бацьку затрымалі на гарадской вуліцы і трымалі да вечара ў міліцыі, меншых дзяцей давялося даглядаць старэйшаму сыну. На пратэстныя акцыі Грышко хадзілі без дзяцей. Але, калі яе апытвалі і складалі пратаколы ў міліцыі, да яе падыходзіла супрацоўніца інспекцыі па справах непаўнагадовых, якая пытала ці ёсць з кім пакінуць дзяцей на час зняводення маці і бацькі. Але тых, хто мог бы прыгледзець за дзецьмі ў Грышко няма – бабуля мае інваліднасць і патрэбу ў доглядзе. Даведаўшыся пра гэта міліцыянты пачалі казаць, што дзяцей забяруць у прытулак. Але ў выніку пасля складання пратаколаў увечары 18 кастрыніка Наталлю адпусцілі дадому і яна змагла трапіць да сваіх дзяцей.

Наталля і Дзмітрый ГРЫШКО

Судзілі Наталлю 26 кастрыніка. Справу разглядаў усё той жа суддзя Сцяпанаў. Сведкаю выступала супрацоўніца міліцыі, якая не была на месцы затрымання Наталлі і іншых людзей, а нібыта праглядала знятае там відэа. Суддзі Сцяпанаву хапіла ейных сведчанняў, каб прызнаць Наталлю вінаватай. Сцяпанаў, даведаўшыся, што Наталля зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, пачаў пагражаць, што, калі даведаецца, што яна сплаціла штраф з грошай, якія ёй плацяць у якасці дапамогі на дзяцей, дык ініцыюе справу аб пазбаўленні яе і мужа бацькоўскіх правоў. Ён паабяцаў выправіць справу сям’і Грышко ў аддзел адукацыі, каб ягоныя супрацоўнікі праверылі ўмовы жыцця дзяцей у сям’і.

Браты без працы

Дзмітрый раней працаваў зваршчыкам ва ўпраўленні замежнага будаўнітцва мінскага будаўнічага прадпрыемства МАПІД. Іхняе ўпраўленне будавала розныя аб’екты за межамі Беларусі. Але з пачаткам пандэміі каранавірусу магчымасць выязджаць за мяжу знікла. Некалькі месяцаў рабочыя знаходзіліся проста без працы. На месяц іх перавялі ў іншае ўпраўленне і яны папрацавалі на аб’ектах унутры Беларусі. Але потым зноў вярнулі ў замежнабудаўнічае ўпраўленне, якое не мае магчымасці працаваць за мяжой, і апошнія два месяцы Дзмітрый проста сядзеў без працы ў чаканні. Таму, у пачатку кастрычніка, калі ў яго скончыўся кантракт, ян проста звольніўся з МАПІДу. Зараз сям’я баіцца, што органы апекі могуць ініцыяваць працэс супраць яе па адабранні дзяцей. Хаця, умовы жыцця прыстойныя. Нейкіх заганных звычак Дзмітрый і Наталля не маюць.


Дзмітрый ГРЫШКО з дзецьмі

Аляксея Грышко звольнілі з ЦКК нібыта за прагул, нягледзячы на тое, што ён мае апраўдаўчыя дакументы за 19 кастрычніка, калі яго судзілі. Прычым, загад на звальненне не завізаваны ні юрыстконсультам прадпрыемства, ні кіраўніком афіцыйнай прафсаюзнай арганізацыі, чальцом якой Аляксей з’яўляўся. Ён лічыць, што яго звольнілі незаконна і змагаецца за сваё права працаваць, незалежна ад палітычнай пазіцыі. Зараз ён падаў заяву ў камісію працоўных спрэчак камбіната. Калі яе адказ не будзе станоўчым, ён мяркуе дамагацца абароны правоў у судзе. Цяпер, каб бараніцца ад прававога бязмежжа з боку кіраўніцтва, ён уступіў у незалежны прафсаюз РЭП.