У Мазыры Руслану Парфёнаву, сябру ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, прысудзілі 5 гадоў зняволення
Палеская Вясна
03.03.2021
>
Суд праходзіў у
закрытым рэжыме. Сваякоў, блізкіх і ахвочых слухачоў пусцілі толькі на
агалошванне прысуду.
Руслана
Парфёнава абвінавачвалі паводле часткі 2 артыкула 293 Крымнальнага
кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Наколькі можна меркаваць са звестак,
якія траплялі да грамадскасці, яму ставіўся ў віну выраб металічных «вожыкаў» для спынення транспарту. Адразу
пасля затрымання 8 жніўня 2020 года на тэлеканале ОНТ паказалі фэйкавы сюжэт,
дзе ў ролі Руслана Парфёнава знялі нейкага невядомага маладзёна.
Крымінальную справу разглядаў старшыня суда Мазырскага
раёна Анатоль Стрэльчанка. Мазырчукі падавалі ў суд скаргі з патрабаваннем
патлумачыць прычыну абвяшчэння працэсу закрытым, аднак у адказах судовыя
інстанцыі яе так і не назвалі.
На 3 сакавіка на 10 гадзінаў было прызначана абвяшчэнне
прысуду. Але а 10-й гадзіне на паседжанне нікога не пускалі, хаця каля залы
суда сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Пазней высветлілася, што ў гэты час
Руслан Парфёнаў гаварыў апошняе слова.
Прысуд суддзя Стрэльчанка абвясціў толькі а 12-й гадзіне.
У ім ён прызнаў Руслана Парфёнава вінаватым у здзяйсненні злачынстваў,
прадугледжаных часткай 1 артыкуа 13 і часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага
кодэкса і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з утрыманнем
у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нібыта вырабленыя Парфёнавым «металічныя
вырабы» ён
пастанавіў знішчыць.