У Калінкавічах гаспадыню падворка, у якім знаходзіцца бел-чырвона-белы мурал, пачалі судзіць за пікетаванне

Андрусь ГАЁВЫ 17.02.2021

>>>

Жанчыну вінавацяць у правапарушэнні паводле «народнага» артыкула 23.34 – нібыта нанясеннем на плот унутры свайго падворка выявы вершніка на тле белага і чырвонага колераў яна правяла пікетаванне.


Валянціна ЯШЧАНКА.

Валянціна Яшчанка з’яўляецца ўласніцай аднае з кватэраў у будынку, да якога прымыкае дваравая тэрыторыя, падзеленая між суседзямі. На плоце, які звернуты ўнутр яе падворку, 7 лістапада з’явіўся мурал – выява вершніка на бел-чырвона-белым фоне. Але, паколькі іншыя платы, якія абкутваюць падворак, невысокія, то мурал бачны з вуліцы, якою ходзіць гарадскі грамадскі транспарт. Гэта моцна нярвуе мясцовую ўладу.


17 лютага ў судзе Калінкавіцкага раёну пачалі судзіць Валянціну Яшчанка паводле абвінавачванняў у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства – пікетавання. Справу разглядае суддзя Святлана Кугейка. Як высветлілася з матэрыялаў справы, яе суддзя двойчы адпраўляла на дапрацоўку яшчэ да прызначэння судовага паседжання для разгляду па сутнасці. Спярша пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні яшчэ 16 студзеня склаў участковы інспектар лейтэнант Гецман. Але там не было нават згадкі часткі артыкула, паводлое якой вінавацяць Валянціну. Не было апытання самой Валянціны альбо нейкіх сведчанняў таго, што яе спрабавалі апытаць, належным чынам апавясціўшы аб выкліку ў РАУС.

Апошняя версія пратаколу, які маецца ў справе, складзеная 30 студзеня старшым учасковым інспектарам маёрам Сцяпанавым. Але ў ёй ён перапісаў тое, што раней напісаў Гецман, дапоўніўшы згадкай часткі і артыкула КабАП. Таксама да справы падшылі некалькі паведамленняў, якія нібыта дасылалі Валянціне Яшчанка, але пацверджанняў таго, што ёй іх уручылі, так і не з’явілася.

Сцяпанаў напісаў, што Валянціна Яшчанка нібыта правяла пікетаванне без дазволу Калінкавіцкага райвыканкама «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных цікавасцяў, шляхам размяшчэння на жалезабетоннай агароджы дваравой тэрыторыі для дэманстрацыі грамадзянам у месцы, дасяжным для агляду з боку вул. Геолагаў у г. Калінкавічы вершніка, які сімвалізуе герб «Пагоня» на фоне бел-чырвона-белага сцяга з нанесеным надпісам «Нас не стрымаць».


Валянціна Яшчанка не прызнала сваю віну і заявіла хадайніцтва аб спыненні адміністрацыйнае справы. Яна патлумачыла, што ў законе аб дзяржаўным гербе ад 1991 года, герб «Пагоня» выглядае інакш, чым выява, якая маецца на плоце ў яе падворку. Гэтак жа і фон з чырвонай паласы на белым тле, не можа лічыцца сцягам, бо не вытрыманыя пазначаныя ў апісанні нацыянальнага сцяга, які быў дзяржаўным у 1990-я гады, патрабаванні.

Акрамя таго, у матэрыялах справы не ўказана якія ж канкрэтна грамадска-палітычныя цікавасці выказала Яшчанка сваёй выявай. Яна звярнула ўвагу суда на тое, што артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі гарантуе кожнаму свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выказванне і не прадугледжвае магчымасці абмежавання гэтай свабоды нейкімі законамі. Валянціна заявіла, што выява на яе плоце выказвае яе меркаванне пра тое, што Рэспубліка Беларусь мае даўнюю гісторыю, авеяную вайсковымі подзьвігамі, якой яна і яе блізкія цікавяцца.

Таксама Валянціна Яшчанка паведаміла суду, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца непраўдзівыя звесткі пра дату выкрыцця нібыта правапарушэння. У пратаколе пазначана, што правапарушэнне выкрытае 14 студзеня 2021 года. Але факт размяшчэння выявы на плоце супрацоўнікі Калінкавіцкага РАУС на ўзроўні намесніка начальніка ўбачылі яшчэ 9 лістапада 2020 года. Валянціна прадставіла суду дыск з відэазапісамі таго, як 9 лістапада каля падворку быў намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Волек. Пасля ягонага візіту па гэтым факце праводзілася праверка, у выніку якой адміністрацыйны працэс быў спынены, бо ў дзеяннях Валянціны Яшчанка не знайшлі прыкметаў адміністрацыйнага правапарушэння. Такім чынам, лічыць Валянціна, двухмесячны тэрмін прыцягнення да адказнасці за правапарушэнне мінуў яшчэ 9 студзеня.

Таксама Валянціна Яшчанка паведаміла, што яна звярталася ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва з запытам ці мусіць яна ўзгадняць з нейкімі дзяржаўнымі органамі размяшчэнне нейкіх выяваў унутры свайго падворку. Мінархітэктуры адказала, што такога яна рабіць не павінна.


Валянціна Яшчанка лічыць, што адміністрацыйны пераслед яе мусіць быць спынены паводле трох падставаў: адсутнасці ў яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння, мінавання тэрміну прыцягнення да адказнасці і наяўнасці па факце размяшчэння мурала неадмененай пастановы аб адсутнасці ў дзеяннях Валянціны складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Выслухаўшы довады Валянціны Яшчанка суддзя Святлана Кугейка абвясціла ў судзе перапынак да 23 лютага, каб запатрабаваць з РАУС матэрыялы праверкі, якая адбывалася ў лістападзе, і атрымаць некаторыя іншыя дакументы.