У Мазыры працягваецца закрыты суд над актывістам каманды «Краіны для жыцця» Русланам Парфёнавым

Палеская Вясна 02.02.2021

>

Афіцыйныя прычыны абвяшчэння суда закрытым так і не называюцца.

2 лютага адбылося другое паседжанне. Першае прайшло 19 студзеня. На ім старшыня суда Мазырскага раёну Анатоль Стрэльчанка разгледзеў і задаволіў хадайніцтва адваката аб пераносе асноўнага слухання ў сувязі з хваробай абаронцы.

Да будынку суда зноў прыйшлі жыхары Мазыра, каб падтрымаць палітвязня. Але зноў жа ў залу суда не пусцілі нікога. А вакол будынка знаходзіліся нарады міліцыянтаў.   


Як удалося высветліць Палескай Вясне, Руслан Парфёнаў трымаецца бадзёра і перадаў усім, хто не спыніў змагання за свабоду, сваю падтрымку і зычанні не ўпадаць у адчай.

Паводле інфармацыі, якой валодаюць праваабронцы, найбольш імаверная прычына таго, чаму паседжанне зрабілі закрытым – магчымасць разгалошвання спосабаў працы сілавых органаў, у выніку якіх яны змаглі абвінаваціць Руслана Парфёнава ў вырабе нейкіх «вожыкаў» для спынення транспарту. Гэта судовыя органы, імаверна, палічылі дзяржаўнай таямніцай, якую нельга разгалошваць.

«Выдаленне грамадзян (усіх гуртом) з залы на адкрытых судовых пасяджаннях, правядзенне закрытых судоў, асабліва па палітычна матываваных справах – гэта паказчык няўпэўненасці, слабасці судзяў у ажыццяўленні імі правасуддзя, адсутнасці безстароннасці і справедлівасці пры раглядзе такіх справаў», – лічыць кіраўнік Мазырскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун

Руслан Парфёнаў падчас выбарчай кампаніі займаўся зборам подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кадыдатам на прэзідэнта ў Мазыры, Калінкавічах, Хойніках, Нароўлі, Лельчыцах і Жыткавічах. 6 жніўня яго затрымалі, а 7 жніўня правялі закрытае судовае паседжанне, падчас якога прызналі вінаватым у хуліганстве і прысудзілі 10 сутак арышту.

8 жніўня, напярэдадні асноўнага дня галасавання па выбарах прэзідэнта, на тэлеканале ОНТ паказалі сфальсіфікаваны сюжэт, у якім Руслана Парфёнава з Мазыра абвінавацілі нібыта ў вырабе нейкіх «вожыкаў» для спынення транспарту. Пры гэтым у ролі Парфёнава паказалі зусім іншага чалавека, нават вонкава не падобнага на сапраўднага Руслана.

17 жніўня Руслан Парфёнаў выйшаў з ІЧУ, адбыўшы адміністрацыйнае пакаранне, а 19 жніўня яго затрымалі зноў.  З таго часу ён утрымліваўся ў Мінску ў ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага. Пазней стала вядома, што Руслана Парфёнава абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў).