У Светлагорску ў апошні дзень прыцягнення да адказнасці завочна і закрыта асудзілі сямейную пару
Палеская Вясна
14.01.2021
>
Адміністрацыйную
справу міліцыянты склалі без выкліку ў міліцыю тых, каго абвінавачвалі ў
правапарушэнні, і без апытанняў, а суд прайшоў завочна і закрыта.
13 студзеня мінаў двухмесячны тэрмін прыцягнення да
адказнасці за рэквіем каля помніка «Жалобны звон», дзе светлагорцы ўшаноўвалі памяць забітага ў Мінску
на Плошчы пераменаў Рамана Бандарэнкі. Некаторых удзельнікаў рэквіему
пазатрымлівалі яшчэ да Калядаў і, спяшаючыся, судзілі 11 і 12 студзеня.
Але пра мужа і жонку Паўла і Анастасію Халуніных, відаць, міліцыянты позна
ўспомнілі. Ім 11 студзеня ўвечары патэлефанаваў нейкі чалавек, які прадставіўся
супрацоўнікам міліцыі, і сказаў, што трэба іх апытаць. Пры гэтым чалавек не
сказаў з якой нагоды і ў якім статусе яны мусяць быць апытаныя. Але суджэнцы ў той час знаходзіліся ў іншым горадзе,
куды паехалі на святы. Выкліку ў міліцыю яны так і не атрымалі.
13 студзеня ў суд прыйшлі іншыя актывісты. Ніякіх
абвестак пра судовае паседжанне па абвінавачванні кагосьці з Халуніных у нейкім
правапарушэнні на стэндзе з раскладам паседжанняў не было. І да заканчэння дня
ні ў адной з залаў актывісты не дачакаліся паседжання па справах Халуніных.
Але ўжо 14 студзеня аднаму з актывістаў стала вядома, што
суддзя Галіна Гулевіч прыняла
рашэнне аб прызнанні Паўла і Анастасіі Халуніных вінаватымі ў правапарушэнні,
прадугледжаным артыкулам 23.34 і прызначыла ім абодвум штрафы ў памеры па 30
базавых вялічыняў кожнаму. Халуніны лічаць такое складанне і разгляд
адміністрацыйнай справы, а, адпаведна, і прынятае рашэнне незаконным і маюць
намер абскарджваць яго.