У Светлагорску суд палічыў законным звальненне работніка за адсутнасць на працы падчас зняволення міліцыяй
Андрусь ГАЁВЫ
16.12.2020
>
Суд адмовіў у
задавальненні скаргі аб аднаўленні на працы, але перанёс дату звальнення на
тыдзень.
Суддзя Людміла
Сапоненка, якая скончвала разгляд пазову былога работніка Светлагорскага
цэлюлозна-кардоннага камбінату Аляксея
Грышко да прадпрыемства аб аднаўленні на працы і выплаты кампенсацыі за
вымушаны прагул 16 снежня вынесла рашэнне пра адмову ў задавальненні пазову.
Аляксей ГРЫШКО.
Грышко не змог выйсці на працу 19 кастрычніка, бо
напярэдадні яго затрымалі на гарадской вуліцы міліцыянты і зняволілі ў ізалятар
часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС да суда, які адбыўся толькі 19
кастрычніка ў другой палове дня. Пасля вызвалення Грышко на настцпны ж дзень прыйшоў
на працу і сумленна яе выконваў.
Але 26 кастрычніка Аляксей даведаўся пра сваё звальненне.
Яго ён і абскардзіў у судзе з дапамогай Леаніда
Судаленкі, прававога інспектара працы Незалежнага прафсаюза работнікаў
радыёэлектроннай прамысловасці, куды Грышко мусіў уступіць для абароны сваіх
правоў.
На ранейшых чатырох судовых пасяджэннях пазоўнік і ягоны
прадстаўнік даводзілі,
што Грышко адсутнічаў на працы супраць сваёй волі, выконваючы патрабаванні
работнікаў міліцыі. Акрамя таго, падчас звальнення парушаная працэдура – не атрымана
згода першаснай прафсаюзнай арганізацыі, як тое патрабуецца паводле тарыфнага
пагаднення між канцэрнам «Белеспаперапрам» і Беларускім
прафсаюзам работнікаў лесу і прыродакарыстання. Калектыўная ж дамова, якая
такое патрабаванне адмяніла, пагоршыўшы гарантыі работнікам, на думку пазоўніка
і ягонага прадстаўніка, не мусіць мець сілы.
На чацвёртым паседжанні прадстаўнік ЦКК хадайнічаў аб
перапынку для магчымасці разгледзець пытанне пра міравое пагадненне. Суд
абвясціў перапынак да 15 снежня. Але, калі 14 снежня Грышко патэлефанаваў на
камбінат, яму адказалі, што яны перадумалі замірацца, спаслаўшыся на тое, што
сітуацыя апублічаная.
15 снежня на пятым паседжанні адказчык хадайнічаў зноў
апытаць сведку – старшыню прафкаму камбінату Валянціна Рудабельца. Ён паведаміў, што 19 верасня 2020 года на
сумесным паседжанні камісіі па калектыўных перамовах вусна дамовіліся спыніць
дзеянне нормы пункта 5.10 Калектыўнай дамовы, якая прадугледжвала атрыманне
згоды прафкаму. Ні ў якім пратаколе гэта не адлюстравалі.
Наконт паведамлення прафкаму пра звальненне Грышко
старшыня ўпэўнена некалькі разоў адказаў, што прафкам атрымаў паведамленне 19
кастрычніка і менавіта такой датай стаіць уваходная рэгістрацыя (калі Грышко
яшчэ сядзеў у вязніцы і чакаў суда). Суддзя шматкроць перапытвала, а потым
зачытала, што на паведамленні выходная дата – 20 кастрычніка. На гэта Валянцін
Рудабелец адказаў: «Можэт я плоха пасматрэл. Ізьвініце!»
Аляксей Грышко запытаўся ў старшыні прафкаму, як яму
маглі паведаміць пра звальнне 19 альбо 20, калі сам працэс вызначэння магчымага
пакарання за нібыта прагул быў запушчаны толькі 26-га, калі з яго запатрабавалі
тлумачальную. На што адказаў прадстаўнік СЦКК юрыст Дзмітрый Хурсік. Ён давёў, што 20-га начальнік участка
аўтаматызацыі бесперапынных працэсаў цэху кантрольна-вымяральных прыладаў і
аўтаматыкі Андрэй Гуз напісаў
генеральнаму дырэктару камбіната дакладную пра адсутнасць Грышко 19 кастрыніка
на працы і той ужо тады прыняў рашэнне звальняць.
Дзмітрый ХУРСІК (на пярэднім плане).
У спрэчках Леанід Судаленка яшчэ раз звярнуў увагу суда
на тое, што пастанова Пленуму Вярхоўнага Суда тлумачыць, што ў выпадку, калі
работнік не выконвае свае абавязкі з незалежных ад яго прычынаў, гэта не з’яўляецца
прагулам. І ў гэтым выпадку менавіта такія сітуацыя. Гэта кажа пра тое, што
прычына, з якой Грышко адсутнічаў на працы 19 кастрычніка, паважлівая. Акрамя
таго, прававы інспектар працы падкрэсліў, што пункам 1.6 Калектыўнай дамовы
прадугледжана, што нейкія змены ў яе могуць уносіцца толькі прафсаюзнай канферэнцыяй,
а не вуснымі дамовамі нейкай камісіі.
Дзмітрый Хурсік у сваю чаргу сказаў, што Працоўны кодэкс
утрымлівае права, а не абавязак атрымліваць згоду прафкаму. А дзеянне
галіновага Тарыфнага пагаднення на Светлагорскі ЦКК можа распаўсюджвацца ў той
частцы, якую бярэ на сябе сам камбінат. Прычына, з якой Грышко не было на
працы, на думку Хурсіка, не паважлівая, бо Грышко мусіў ацэньваць рызыку быць
затрыманым на пратэсце і не патрапіць на працу, пра што яго раней вусна
папярэджвалі на камбінаце.
Пракурорка Марыя
Біндзюкевіч, якая ўдзельнічала ў працэсе, падтрымала пазіцыю СЦКК,
сцвярджаючы, што затрыманне міліцыяй за ўдзел у мірным сходзе не можна лічыць
паважлівай прычынай.
16 снежня суддзя Людміла Сапоненка абвясціла рашэнне, у
якім адмовіла Грышко ў задавальненні пазову. Але перанесла дату звальнення з 26
кастрычніка на 4 лістапада і пастанавіла спагнаць з ЦКК на карысць Грышка
кампенсацыю крыху больш за 1000 рублёў за тыдзень вымушанага прагула.
«На жаль, суд не
здолеў пазбавіцца палітычнага ўплыву ў гэтай справе. Уся краіна чула, як
Лукашэнка загадаў пазвальняць усіх, хто ўдзельнічае ў пратэстах, што і робяць зараз
кіраўнікі прадпрыемстваў. І ў гэтым судовым пасяджэнні замест разгляду выключна
працоўнай спрэчкі і кіравання працоўным заканадаўствам, суд палічыў магчымым улічваць
палітычны складнік – ажыццяўленне звольненым работнікам у ягоны выходны дзень
свайго права на выкзванне свайго меркавання праз удзел у мірным сходзе, які не
спадабаўся ўладзе. Гэта, на маю думку, і вызначыла прынятае рашэнне. Мы,
канешне ж, будзем абскарджваць яго далей», –
пракаментаваў сітуацыю Леанід Судаленка.