Звольнены за затрыманне міліцыяй работнік Светлагорскага ЦКК патрабуе аднаўлення на працы

Андрусь ГАЁВЫ 10.12.2020

Суд у Светлагорску перапыніў разгляд пазову былога работніка мясцовага цэлюлозна-кардоннага камбінату да свайго працадаўцы аб прызнанні звальнення незаконным, аднаўленні на працы і выплаце кампенсацыі за вымушаны прагул. Камбінат папрасіў перапынку, каб разгледзець магчымасць заключэння міравога пагаднення з пазоўнікам.

Аляксей Грышко – бездакорны адмысловец, які адпрацаваў на СЦКК больш за 15 гадоў і не меў аніводнага дысцыплінарнага спагнання. Апошнія гады ён працаваў вядучым інжынерам у аўтаматызацыі ўчастка бесперапынных працэсаў.

18 кастрычніка Аляксея Грышко затрымалі супрацоўнікі Светлагорскага РАУС у раёне мясцовай ДЮСШ, побач з якой, паводле версіі міліцыянтаў, адбывалася несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Ва ўдзеле ў ім абвінавацілі і Грышко, змясціўшы яго ў ізалятар часовага ўтрымання да суду. Суд адбыўся ўжо ў панядзелак у другой палове дня. Пакуль Аляксея вызвалілі з РАУС, ён ужо не паспяваў на працу. А, выйшаўшы на завод на наступны дзень, 20 кастрыніка, добрасумленна пачаў выконваць свае абавязкі.

26 кастрычніка ён даведаўся, што з ім датэрмінова скасавалі працоўны кантракт на ініцыятыву наймальніка за прагул. Прагулам кіраніцтва СЦКК палічыла адсутнасць на працы 19 кастрычніка, калі Аляксея Грышко міліцыянты ўтрымлівалі ў вязніцы. Даведка аб знаходжанні ў міліцыі на кіраўнікоў камбінату не паўплывала. Пры гэтым загад на звальненне не завізаваны ні прадстаўніком афіцыйнага прафсаюзу, чальцом якога на той момант быў Грышко, ні юрыдычнай службай камбіната.

Аляксей абскардзіў сваё звальненне ў камісіі па працоўных спрэчках, якая існуе на прадпрыемстве. Але ад прафсаюзнай арганізацыі афіцыйнага прафсаюзу атрымаў адказ, што працоўныя спрэчкі могуць быць толькі паміж тымі, хто працуе на прадпрыемстве і кіраўніцтвамі прадпрыемства, а, паколькі Грышко ўжо не з’яўляецца работнікам Светлагорскага ЦКК, ягоная скарга разгляду не падлягае.

Тады Аляксей Грышко ўступіў у незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і звярнуўся ў суд. Такім чынам прадстаўляць свае цікавасці Аляксей Грышко даручый прававому інспектару працы незалежнага прафсаюзу РЭП Леаніду Судаленку.


Аляксей ГРЫШКО і Леанід СУДАЛЕНКА ў судзе.

Выслухаўшы тлумачэнні Аляксея Грышко, суддзя Дзмітрый Русакоў, які праводзіў першае паседжанне, настойліва спрабаваў разабрацца, ці ўдзельнічаў Грышко ў масавым мерапрыемстве, ці прыцягнуты ён да адказнасці. Грышко патлумачыў, што ні ў якім несанкцыянаваным мерапрыемстве ўдзелу не браў і з пратаколам не пагадзіўся. Рашэнне светлагорскага суда аб штрафе ў памеры 20 базавых велічыняў ён абскардзіў у абласным судзе, рашэння якога на момант суда аб аднаўленні  на працы яшчэ не было.

Леанід Судаленка ў сваім выступе звярнуў увагу суда на тое, што 18 кастрычніка ў Грышко быў законны выходны дзень. І гэтым часам ён быў вольны карыстацца на сваё бачанне. У тым ліку і скарыстацца правам выказвання свайго меркавання праз удзел у мірным сходзе. Але ў гэтай справе не мае аніякага прававога значэння тое, ці ўдзельнічаў Грышко ў мірным сходзе. Значэнне мае тое, ці паважлівая прычына ягонай адсутнасці на працы 19 кастрычніка. Заканадаўства дазваляе затрымліваць любога чалавека на тэрмін да 72 гадзін. І, знаходзячыся ў РАУС 19 кастрычніка, Грышко, як законапаслухмяны грамадзянін выконваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. Калі яго вызвалілі, ён адразу ж выйшаў на працу і выконваў яе добрасумленна. Факт невыхаду на працу не з’яўляецца прагулам, бо на яго мелася паважлівая прычына, аб чым наймальніку прадстаўляліся адпаведныя дакументы.  

Цікавасці СЦКК на судзе прадстаўляў начальнік юрыдычнага аддзела прадпрыемства Дзмітрый Хурсік. Ён пачаў свой выступ з таго, што недзе маецца дручэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб ужыванні дысцыплінарных спагнанняў да работнікаў, якія ўдзельнічаюць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.


Дзмітрый ХУРСІК (на пярэднім плане). 

Хурсін таксама патлумачыў, што ў другой палове жніўня генеральны дырэктар СЦКК Юрый Крук правёў нараду, падчас якой у вуснай форме даручыў кіраўнікам падраздзяленняў давесці работнікам інфармацыю пра тое, што ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, які можа выклікаць затрыманне работніка, будзе расцэньвацца як прагул. На падставе якога нарматыўнага акту генеральны дырэктар зрабіў такое папярэджанне начальнік юрыдычнага аддзелу СЦКК не ўдакладніў. Але паведаміў, што на ўчастку бесперапынных працэсаў, дзе працуе Грышко, таксама праводзілася нарада, падчас якой пагрозу генеральнага дырэктара давялі работнікам участка. Таксама ў вуснай форме, аніякага пісьмовага пацверджання гэтаму на прадпрыемстве няма.


Абскарджванне рашэння суду, на думку юрыста цэлюлознага камбіната, не магло паўплываць на рашэнне пра звальненне за прагул, бо кіраўніцтва прадпрыемства мела дакумент пра тое, што Грышко быў менавіта затрыманы на масавым мерапрыемстве, недазволеным уладай. Юрыст хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы формы справаздачы ад канцэрна «Беллеспаперапрам», у які ўваходзіць СЦКК, аб парушэннях працоўнай дысцыпліны ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Такія справаздачы мусяць даваць усе прадпрыемствы канцэрна. І спасылка на даручэнне Савета Міністраў  у загадзе аб звальненні Грышко рабілася, паводле Дзмітрыя Хурсіна, толькі для таго, каб гэты загад трапіў у справаздачнасць.

На просьбу прадстаўніка пазоўніка аб прадстаўленні самога даручэння Савета Міністраў альбо хаця б указання ягонага нумару і даты прыняцця і ўключэння ў заканадаўчую базу, начальнік юрыдычнага аддзелу СЦКК адказаў, што такое даручэнне, магчыма, ёсць у канцэрне, а на прадпрыемстве яго няма.

Жарсныя спрэчкі выклікала тое, што загад аб звальненні Грышко не быў узгоднены з прафсаюзнай арганізацыяй. Дзмітрый Хурсін даводзіў, што калектыўная дамова між прадпрыемствам і першаснай прафсаюзнай агранізацыяй не прадугледжвае такой неабходнасці. Леанід Судаленка ж прадставіў суду пацверджанні, што галіновае Тарыфнае пагадненне канцэрну «Беллеспаперапрам» і Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання абавязвае ўзгадняць звальненні работнікаў з ініцыятывы наймальніка з прафкамам. Пры гэтым працоўнае заканадаўства і тое ж тарыфнае пагадненне замацоўвае норму, згодна з якой у калектыўных дамовах умовы для работнікаў не могуць быць горшыя, чым у тарыфных пагадненнях пэўнае галіны з галіновым прафсаюзам. Хурсін парыраваў на гэта, што на СЦКК няма прафкаму, а ёсць першасная прафсаюзная арганізацыя, і ўвогуле галіновае тарыфнае пагадненне не з’яўляецца абавязковым для СЦКК бо камбінат яго не падпісваў.

У гэтых спрэчках прайшлі тры паседжанні суда. А чацвёртае паседжанне, якое адбылося 10 снежня, пачалося з хадайніцтва прадстаўніка адказчыка Дзмітрыя Хурсіна. Ён папрасіў у суда абвясціць перапытак для таго, каб Светлагорскі ЦКК мог разгледзець магчымасць заключэння з Аляксеем Грышко міравога пагаднення на пэўных кампрамісных умовах. Суд задаволіў гэтае хадайніцтва і абвясціў перапынак да 14-й гадзіны 15 снежня. Калі ж бакам удасца дамовіцца, судовае разбіральніцтва спыніцца.    

«Прадстаўнік адказчыка заявіў пра нейкія кампрамісныя ўмовы. Пры гэтым ён нешта казаў пра тое, каб наноў прыняць Грышко на працу. Мы лічым, што кампрамісам можа быць толькі аднаўленне Аляксея на ранейшым працоўным месцы і выплата кампенсацыі за вымушаны прагул. Мы ў такім выпадку адмовімся аб патрабаванняў маральнай кампенсацыі. Мы паважаем гэты крок адміністрацыі прадпрыемства, але лічым, што ён выкліканы яўнымі парушэннямі заканадаўства, дапушчанымі падчас звальнення работніка і немагчымасцю суду ў гэтай сувязі прыняць рашэнне на карысць прадпрыемства», – пракаментаваў сітуацыю Леанід Судаленка.