Сакратар СНБА: Украіна не збіраецца нападаць на Беларусь, але пры неабходнасці
Цімур Казачэнка
20.10.2022
>
Сакратар Савета
Нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны Аляксей Данілаў, ацэньваючы ваенную пагрозу з тэрыторыі Беларусі, заявіў,
што Украіна не збіраецца нападаць на Беларусь, але ў выпадку неабходнасці "будуць прыняты ўсе неабходныя рашэнні, у тым ліку ваеннага характару".
Паводле
яго слоў, ва Украіне ўлічваюць, што беларускі народ не мае жадання ваяваць з
Украінай.
Аб гэтым Аляксей Данілаў сказаў 18 кастрычніка ў
інтэрвію Эстонскаму нацыянальнаму тэлерадыёвяшчанню. Адказваючы на пытанне
карэспандэнта аб тым, як ацэньваецца пагроза, якая зыходзіць з тэрыторыі
Беларусі, і ці можа беларускае войска прыняць удзел ва ўварванні ва Украіну, ён
патлумачыў:
– Давайце сапраўды скажам,
што Беларусь акупаваная Расійскай Федэрацыяй, прычым акупаваная даволі даўно –
у эканамічным, палітычным і іншых сэнсах. Цяпер Расійская Федэрацыя
выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для сваіх ваенных мэт. Мы адсочваем усе гэтыя
працэсы. Але мы ўлічваем, што ёсць беларускі народ, які не мае ніякага жадання
ваяваць з намі, пра гэта вядома не толькі нам, але і ўсім астатнім, у тым ліку
Пуціну. Што б яны ні рабілі, беларускі народ ня мае ніякага жаданьня ваяваць
супраць нашай краіны. Мы вельмі ўважліва сочым за тым, як яны будуць
выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю, і ў выпадку неабходнасці намі будуць
прыняты ўсе неабходныя рашэнні, у тым ліку вайсковага характару. Рашэнне гэта
за прэзідэнтам, які з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым. Але я яшчэ раз
паўтару: мы не нападалі і не збіраемся нападаць на Беларусь, мы абараняемся. І
беларускі народ для нас – дружалюбны народ, у адрозненне ад некаторых
палітычных дзеячаў.
Нагадаем, што тэрыторыя
Беларусі са згоды беларускіх уладаў выкарыстоўвалася расійскімі войскамі для
ўварвання ва Украіну, і да цяперашняга часу выкарыстоўваецца для ракетных
абстрэлаў. Паводле дадзеных украінскай ваеннай выведкі, у Беларусь прыбудуць 20
тыс. мабілізаваных у Расіі, што павялічыць колькасць расійскіх войск на
тэрыторыі Беларусі ў 5 разоў. Відавочна, што большая
іх частка будзе дыслакавацца ў Гомельскай вобласці. У выпадку ўзмацнення
канфлікту менавіта Гомельшчына можа стаць тэрыторыяй Беларусі, якая
падвергнецца небяспецы.
На здымку: Аляксей Данілаў.