Украінская разведка: беларускія ўлады рыхтуюцца прыняць 20 тысяч мабілізаваных з Расіі

Цімур Казачэнка 06.10.2022

>

Беларускія ўлады рыхтуюцца да прыбыцця 20 тысяч вайскоўцаў, мабілізаваных у Расійскай Федэрацыі, паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны.

Мабілізаваныя павінны папоўніць дыслакаваныя ў Беларусі расійскія войскі. Колькасць расійскіх войск у Беларусі пры гэтым павялічыцца ў 5 разоў.

Для размяшчэння плануецца выкарыстоўваць існуючыя ваенныя фонды, а таксама грамадзянскія памяшканні і будынкі. Для гэтых патрэб перадаюцца склады, ангары і іншыя памяшканні закінутых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і ферм. Адпаведныя даручэнні дадзены беларускаму вайсковаму кіраўніцтву і мясцовым уладам.

Пасля павялічэння штату расійскія падраздзяленні будуць выкарыстоўваць расійскую вайсковую тэхніку са складоў на тэрыторыі Беларусі. Яе таксама плануецца ўзмацніць за кошт тэхнікі і ўзбраення, знятых з захоўвання на тэрыторыі РФ. Недахоп тэхнікі для перавозкі асабовага складу расійскіх войск плануецца папоўніць за кошт мабілізацыі грамадзянскіх грузавых і легкавых аўтамабіляў.

Улады РБ таксама далі ўказанне праваахоўным органам садзейнічаць  прадстаўнікам Узброеных Сіл РФ у мабілізацыі расійскіх грамадзян, якія нядаўна ўехалі на тэрыторыю Беларусі, гаворыцца ў паведамленні.

Верагодна, асноўная колькасць расійскіх войск будзе знаходзіцца ў Гомельскай вобласці.