Палітзняволены Віталь Прадыбайлаў адбывае пакаранне ў Мазыры

Цімур Казачэнка 31.08.2022

>

У жніўні ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазыры пачаў адбываць пакаранне Віталь Прадыбайлаў, якога праваабаронцы прызналі палітычным зняволеным.

35-гадовы грамадзянін асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Прыгавор вынесены паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса – «абраза прадстаўніка ўлады».

Камітэт па правах чалавека ААН яшчэ 12 чэрвеня 2011 г. ў заяве № 34 зрабіў выснову аб тым, што крымінальная адказнасць за абразу прадстаўнікоў улады павінна быць заменена на грамадзянска-прававыя меры адказнасці, калі абраза не падбухторвала да гвалтоўных дзеянняў. ААН і АБСЕ рэкамендавалі скасаваць крымінальную адказнасць за гэта.

Для адбыцця пакарання В. Прадыбайлаву было прадпісана прыбыць у ПУАТ № 21 у Мазыры. Тэрмін абмежавання волі пачаўся 4 жніўня. У сумеснай заяве, прынятай 12 жніўня, беларускія праваабаронцы ўключылі Віталя ў спіс з 17 чалавек, якія ў гэты дзень былі прызнаны палітычнымі зняволенымі.

У цяперашні час у мазырскай ПУАТ адбываюць пакаранні 18 палітзняволеных.

В. Прадыбайлаву і ўсім ім можна дасылаць паштоўкі і лісты на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, Гомельская вобл., 247783.

Агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі на сённяшні дзень – 1309.

На здымку: Віталь Прадыбайлаў.