У абноўленым спісе "тэрарыстаў" трое жыхароў Светлагорска
Жорж Кунцэвіч
20.06.2022
>>>
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс яшчэ 14 чалавек у
спіс арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай
дзейнасці, вынікае з абноўленых звестак Камітэта.
У абноўлены спіс патрапілі трое жыхароў Светлагорску, якія ў
першыя дні вайны, імкнучыся дапамагчы Украіне, пашкодзілі рэлейныя шафы, якія
аўтаматызуюць рух цягнікоў. Гэта Дзяніс Дзікун, Дзмітрый Равіч і Алег Малчанаў.
4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманыя Дзмітрый
і Наталля Равіч (муж і жонка), брат Наталлі Дзяніс Дзікун,
ягоная дзяўчына Аліса Малчанава і яе бацька Алег Малчанаў. Алісу
і Наталлю праз некалькі дзён адпусцілі.
Нагадаем, 28 лютага 2022 года на чыгуначнай станцыі
"Жэрдзь-Астанкавічы" быў здзейснены падпал рэлейнай шафы
сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і
стрэлачныя пераводы на гэтым участку былі прыведзеныя ў непрацоўны стан.
Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на
Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Гэта магло прывесці да зрываў
графіку руху расейскіх цягнікоў з тэхнікай і зброяй.