МУС запісала ў “экстрэмісты” дваіх жыхароў Гомельшчыны

Палеская Вясна 21.08.2026

31 ліпеня Міністэрства ўнутраных справаў кіроўнага цяпер у Беларусі рэжыму запісала ў свой так званы “Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці” імёны яшчэ пяці грамадзянаў Беларусі, рэпрэсаваных з палітычных матываў. Двое з іх – жыхары Гомельскай вобласці.

Аляксандр Баранаў.

У “экстрэмісты” МУСаўцы запісалі вядомага бізнэсоўца і мецэната з Мазыра Аляксандра Баранава. Яго рэпрэсавалі ў гучнай масавай справе маніторынгавага Telegram-каналу “Беларускі Гаюн”, абвясціўшы вінаватым у так званым “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса. Яму прысудзілі абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.

Праз тое, што пераслед у “справе “Гаюна” ёсць наўпроставым грубым парушэннем права на свабоду пошуку, атрымання і распаўсюду інфармацыі, гарантаванага артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, праваабарончая супольнасць 28 траўня вызнала Аляксандра Баранава палітычным зняволеным.

Рэнат Пелагейчык.

Таксама “экстрэмістам” МУСаўцы абазвалі 23-гадовага жыхара Жлобіна Рэната Пелагейчыка. Карнікі абвясцілі яго вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх, і засудзілі паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Яго, відавочна, расшуквалі праз міждзяржаўны вышук з Расіяй, таму тэрмін прыцягнення да адказнасці паводле артыкула 342, які ў большасці выпадкаў скончыўся летась, для яго атрымаўся працягнутым. Прысуд Рэнату Пелагейчыку не звязаны са зняволеннем – найхутчэй гэта абмежаванне волі без накіравання ў карную ўстанову.

Зараз у МУСаўскім “спісе экстрэмістаў” запісаныя імёны 6811 чалавек, у тым ліку 879 жыхароў Гомельскай вобласці і замежнікаў, рэпрэсіі датычна якіх выконвалі карнікі Гомельшчыны.

А. Юрэвіч.