31 ліпеня праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла адразу дзве заявы, у якіх вымушаная была прызнаць палітычнымі зняволенымі яшчэ 21 чалавека. У адной з іх ёсць імёны дваіх жыхароў Гомельшчыны.
У лістападзе 2025 года стала вядома пра тое, што ў Гомельскім абласным судзе Андрэя Судзібора, 43-гадовага прадпрымальніка з Калінкавіцкага раёна, засудзілі паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса за нібыта распальванне варажнечы. Найчасцей такія прысуды выносяцца за каментары ў інтэрнэце, якія асуджаюць дзеянні карных структураў улады або расійскіх акупантаў ва Украіне. Такі пераслед ёсць прамым парушэннем права на свабоду выказвання меркаванняў, гарантаванага артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
“Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці”,
– гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці.
Аляксандр Яжэўскі.
А рэпрэсію датычна 58-гадовага памочніка выхавальніка вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра Аляксандра Яжэўскага выканалі ў Магілёўскім абласным судзе. Яго абвясцілі вінаватым у замаху на здраду дзяржаве, засудзіўшы да зняволення паводле часткі 1 артыкула 356 праз частку 1 артыкула 14 Крымінальнага кодэкса. Што магло паслужыць нагодаю для такіх абвінавачванняў, пакуль невядома.
“Мы з трывогай адзначаем, што адвольныя абвінавачанні ў асабліва цяжкіх злачынствах супраць дзяржавы працягваюць выкарыстоўвацца ў інтарэсах падаўлення правоў і свабод. У прыватнасці, абвінавачваючы грамадзян па арт. 365 КК у здрадзе дзяржаве за цалкам правамерныя ці антываеныя дзеянні, улады эксплуатуюць недасканалыя, празмерна размытыя фармулёўкі дыспазіцыі ўказанага артыкула і ізалююць на працяглы тэрмін за дзеянні, якия фактычна не замахваюцца на інтарэсы дзяржавы і народа”,
– сцвярджаюць праваабаронцы ў сваёй заяве.
Усяго зараз у Беларусі ўлады ўтрымліваюць за кратамі 883 чалавекі, вызнаных праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі. У іх ліку 111 жыхароў Гомельскай вобласці і замежнікаў, рэпрэсіі датычна якіх улады выканалі на Гомельшчыне.
А. Юрэвіч.