"Турма нібыта прыдуманая, каб падрываць здароўе". Былы палітвязень з Рэчыцы Уладзімір Прадкін – пра чатыры гады ў калоніі № 2

Палеская Вясна 21.08.2026

Уладзіміру Прадкіну 57 гадоў. Ён родам з Рэчыцы, цяпер жыве ў Варшаве. Чатыры гады ён правёў у зняволенні: у СІЗА № 3 ў Гомелі і калоніі 2 ў Бабруйску (Магілёўская вобласць). Вызваліўся ў 2025 годзе. У інтэрв'ю “Гомельскай вясне” ён распавядае пра фізічныя і псіхалагічныя наступствы турмы, ціск адміністрацыі і так званых "актывістаў", працу з гумай, штрафны ізалятар (ШЫЗА) і тое, што дапамагло яму не зламацца. А пасля вызвалення – пра тое, як турэмны досвед змяніў яго стаўленне да жыцця, людзей і свабоды.

"Фізіялагічна было вельмі цяжка"

Паводле Уладзіміра Прадкіна, самы цяжкі перыяд быў яшчэ да калоніі – калі ён знаходзіўся ў СІЗА (следчым ізалятары) пад следствам і пасля суда ў чаканні разгляду апеляцыі.

"Фізіялагічна было цяжка: знерухомленасць, адсутнасць сонца, свежага паветра. Выводзілі на гадзіну ў дворык, але гэта ўсё было не тое",

– успамінае ён.

Уладзімір Прадкін.
Да гэтага дадавалася дрэннае харчаванне.

"Пустыя кашы, у якіх амаль нічога няма. І знерухомленасць разам з такім харчаваннем выклікае аўтаматычна завалы. Ты можаш цэлы тыдзень не хадзіць у туалет. А гэта ўжо інтаксікацыя арганізма, пачынаеш дрэнна сябе адчуваць".

У калоніі фізічна стала лягчэй: з'явілася магчымасць выходзіць на двор, хадзіць, займацца спортам. Але, паводле Прадкіна, менавіта там узмацніўся псіхалагічны ціск.

"Цябе пастаянна правакуюць"

Прадкін кажа, што ў калоніі палітвязняў маглі мэтанакіравана правакаваць на парушэнні.

"Так званыя актывісты пастаянна цябе прэсуюць, правакуюць скандалы, канфлікты. У мяне склалася ўражанне, што гэта робіцца мэтанакіравана, з дазволу адміністрацыі".

На яго думку, парушэнні выкарыстоўваліся як спосаб пазбавіць зняволенага дадатковых магчымасцяў і правоў. Прадкін успамінае, што яму неаднаразова прызначалі ШЫЗА. У суме, паводле яго словаў, ён правёў там больш за сто содняў. Падставай маглі стаць самыя дробныя рэчы.

Халоднае памяшканне і ночы без сну

У ШЫЗА, паводле аповеду Прадкіна, былі асабліва цяжкія ўмовы.

"Паўпадвальнае памяшканне, маленькая фортка. Святло цэлыя содні. Сырасць, холад, асабліва летам. Ляжыш на нарах, але ад холаду не можаш заснуць. Падрамаў гадзіну – прачынаешся, пачынаеш прысядаць, каб сагрэцца. Потым зноў кладзешся і праз гадзіну зноў прачынаешся".

Матрацаў, падушак і коўдраў не давалі. Адзенне таксама было абмежаванае.

"Турма падрывае здароўе"

Прадкін лічыць, што наступствы зняволення для здароўя могуць застацца надоўга.

"У мяне склалася ўражанне, што турма прыдуманая спецыяльна, каб падрываць здароўе людзей – і фізічна, і псіхалагічна. За гады зняволення ў мяне абвастрыліся праблемы са спінай, павялічылася пахвінная грыжа, пагоршыўся стан зубоў”.

Асобная праблема – цяжкая праца. У калоніі ён працаваў з аўтамабільнымі шынамі: іх трэба было рэзаць, выцягваць металічны дрот, а гуму здаваць.

"Праца не з лёгкіх. Чатыры гадзіны ў дзень. Трэба было выканаць норму. Не выканаеш – ШЫЗА".

Спачатку Прадкіну ўдалося атрымаць медычую даведку, паводле якой норму яму знізілі напалову праз праблемы з хрыбетнікам. Але пазней гэтае паслабленне адмянілі.

"Прыехала камісія і сказала: што ў вас тут за непарадак? І дала ўказанне зняць усе прывілеі з хворых, крывых, сляпых. Карацей, хай усе здаюць як усе".

"Нервішкі там падгулялі"

Псіхалагічны ціск, кажа Прадкін, прымушаў пастаянна кантраляваць сябе.

"Каб лішні раз не заехаць у ШЫЗА, даводзілася ўвесь час сябе стрымліваць, цярпець. Усё гэта ўнутры назапашваецца. Таму многія людзі робяцца нервовымі, псіхалагічна неўраўнаважанымі. Нервішкі мае там крыху "падгулялі", вядома. Стаў псіхалагічна неўраўнаважаным".

У калоніі ён сутыкаўся і з выпадкамі самагубстваў сярод зняволеных. Паводле яго слоў, некаторыя людзі не вытрымлівалі псіхалагічнага ціску і перспектывы яшчэ многіх гадоў зняволення і выкідваліся з вокнаў”.

"Ніякай удзячнасці турме няма"

Ці дало зняволенне яму нешта, за што ён мог бы быць удзячны?

"Ніякай удзячнасці ўвогуле няма. Гэта страчаны час. Выкрасленыя з жыцця гады".

Але менавіта ізаляцыя дала яму тое, чаго, магчыма, не было б на волі, – шмат часу на роздум. Асабліва шмат ён пераасэнсаваў у ШЫЗА.

"Калі ты сядзіш адзін і табе няма чым заняцца, застаецца толькі ўспамінаць і перамолваць свае думкі. Адбываецца пераасэнсаванне жыцця. Калі раней я быў упэўнены, што ў нейкім учынку меў рацыю, то цяпер, з вышыні пражытых гадоў, магу зразумець, што гэта быў дурны ўчынак і я не меў рацыі".

"Я быў адзін сярод натоўпу"

Пасля вызвалення Прадкін згадвае яшчэ адну асаблівасць турэмнага досведу – адзіноту.

"У турме ты адзін, як бы, у натоўпе людзей. Вакол цябе шмат людзей ходзіць па лакалцы, і ты сярод іх адзін. Я асабіста для сябе не знайшоў там аднадумцаў, людзей з аднолькавым светапоглядам, з кім я мог бы пагутарыць, выказаць свае думкі. Таму што выказваць свае думкі небяспечна. Вельмі небяспечна".

Прадкін кажа, што асцярожнасць была неабходная нават у размовах з іншымі палітвязнямі. Паводле яго слоў, ён падазраваў, што некаторыя зняволеныя маглі супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Больш ахвотна, лічыць ён, на такое супрацоўніцтва ішлі людзі з вялікімі тэрмінамі, якія такім чынам маглі атрымаць пэўныя прывілеі.

Жыццё пасля турмы стала больш каштоўным

Пасля вызвалення Прадкін кажа, што стаў больш цаніць само жыццё.

"Само па сабе жыццё стаў больш цаніць, чым да турмы. Пасля вызвалення я зразумеў, што жыццё праляцела вельмі хутка. Вось хутка ўжо ў магілу пара збірацца. І многія мае аднакласнікі, знаёмыя ўжо памерлі. Таму я імкнуся жыць тут і цяпер”

"Я не стаў злейшы да людзей"

Турэмны досвед не прымусіў Уладзіміра цалкам перагледзець стаўленне да людзей. Ён кажа, што яшчэ да зняволення прыйшоў да думкі: ідэальных людзей няма.

Калі да турмы я ўсё гэта тэарэтычна разумеў, то ў турме я гэта ўжо выпрабаваў практычна. Я б не сказаў, што там я азлобіўся на людзей. Нічога не памянялася. Проста я ўмацаваўся ў сваіх перакананнях".

"Прабачыць – не значыць заплюшчыць вочы"

Асобна Прадкін разважае пра тое, ці можа ён дараваць людзям, якія пазбавілі яго свабоды або здзекаваліся з яго ў зняволенні.

Яго разуменне прабачэння адрозніваецца ад звычайнага.

"Калі я люблю чалавека або людзей, то не пакараць іх за іх кепскія ўчынкі – гэта праява нелюбові. Гэта няправільна. Тыя, хто здзяйсняў несправядлівыя ўчынкі – адміністрацыя турмы, ці суддзя, пракурор, следчы – абавязкова павінны панесці сваё пакаранне, каб яны ўсвядомілі, што не маюць рацыі".

"Нянавісці ў мяне няма"

Пры гэтым Прадкін кажа, што не жыве з нянавісцю.

"Нянавісці няма. Калі жыць і мець нянавісць, то гэтая нянавісць атручвае жыццё, калі пастаянна з гэтым пачуццём жыць".

Аднак негатыўныя эмоцыі пасля вызвалення ў яго засталіся. Ён прызнае, што пасля турмы стаў з недаверам ставіцца да міліцыі.

"Калі праязджае міліцэйская машына або праходзіць міліцыянер, у мяне ўзнікаюць кепскія, злыя думкі і пачуцці".

Прадкін кажа, што гэты досвед сфарміраваў у яго стаўленне да сілавікоў як да людзей, якім ён не давярае.

Якой павінна быць пенітэнцыярная сістэма?

Уладзімір Прадкін вельмі жорстка ацэньвае пенітэнцыярную сістэму Беларусі.

"На мой погляд, гэтая пенітэнцыярная сістэма існуе як інстытут вырошчвання злачынцаў, выхавання злачынцаў. Гэтая сістэма не перавыхоўвае. Яна перавыхоўвае, але не ў лепшы бок, а ў горшы".

Ён лічыць, што ў калоніях людзі не выпраўляюцца, а, наадварот, могуць абменьвацца крымінальным досведам і азлоблівацца на грамадства. Прадкін нават выказвае радыкальную думку, што турмы ўвогуле не павінны існаваць, а пакаранне, на яго погляд, магло б быць фінансавым. Ён лічыць, што зняволенне не выпраўляе чалавека і адначасова патрабуе вялікіх рэсурсаў на яго ўтрыманне.

Пры гэтым яго погляд на прыроду злачыннасці звязаны з уплывам грамадства.

"Чалавек першапачаткова па сваёй прыродзе добры, але злым чалавека робяць іншыя людзі, грамадства. Па меры сталення, узаемадзеяння з іншымі людзьмі чалавек, зыходзячы з таго, у якое грамадства ён трапляе, дзе вырастае, становіцца паступова агрэсіўным, азлобленым".

"Ставіцца да зняволеных як да людзей"

Калі звесці яго пажаданні да пенітэнцыярнай сістэмы да аднаго прынцыпу, то Прадкін кажа пра чалавечую годнасць.

Супрацоўнікі сістэмы, на яго думку, павінны быць ветлівымі, мець высокія маральныя якасці і ставіцца да зняволеных як да людзей. Паважаць годнасць чалавека нават тады, калі ён зняволены.

“Такое адчуванне складваецца, што ў турму ідуць працаваць самыя горшыя прадстаўнікі грамадства. Можна сказаць – адкіды грамадства. А павінны быць высокамаральнымі”.

Што дапамагло не зламацца?

"Я лічу, што чалавек знаходзіцца на зямлі для самаўдасканалення. А самаўдасканаленне адбываецца праз пераадоленне жыццёвых цяжкасцяў. Усё, што сустракаецца на жыццёвым шляху, чалавек павінен пераадолець. І калі ён не ламаецца, а пераадольвае, то духоўна ўмацоўваецца".

Гэтыя разважанні, паводле Прадкіна, таксама дапамагалі яму трымацца.

М. Бурачок.