Учора ў блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналах
з’явілася інфармацыя пра ўзлом рэгіянальнага праваабарончага сайту “Палеская
вясна” і нібыта атрыманне доступу да паштовага сэрвісу, “прывязанага да
адмінкі” сайта. У сувязі з гэтым ПЦ “Вясна” паведамляе наступнае.
Сайт “Палеская
Вясна” сапраўды быў узламаны. Пры гэтым важна адзначыць, што сайт не абнаўляўся
амаль два гады і на гэты момант фактычна існаваў як архіў ранейшых публікацый.
Сайт “Палеская
Вясна” і згаданы паштовы сэрвіс, пра які ідзе гаворка, не былі звязаныя з
цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі
“Вясны”. Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна,
звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы.
На дадзены момант
ПЦ "Вясна" працягвае высвятляць сітуацыю з паштовай скрыняй, пра якую
ідзе гаворка ў паведамленні сілавікоў, і магчымым доступам да яе.
Таксама
падкрэсліваем, што інфармацыя пра нібыта “ўцечку” даных пра фінансы арганізацыі
не адпавядае рэчаіснасці. Такія заявы не маюць пад сабой падставаў і з’яўляюцца
часткай спробаў сілавых структур у чарговы раз дыскрэдытаваць дзейнасць
арганізацыі.
“Вясна” будзе
надалей інфармаваць пра сітуацыю.