У Рэчыцы затрыманых за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў прымушалі ліквідаваць наступствы ўрагану

Палеская Вясна 14.08.2024

>

Гэта карнікі называюць “шанс искупить вину”.

Чарговым аспектам становішча “не да законаў” пахваліліся рэчыцкія супрацоўнікі карных структураў у сваім тэлеграм-канале. Яны апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў ліпені самі затрымалі дваіх жыхароў Рэчыцы – 21-гадовых Вячаслава Садчанку і Данілу Кузняцова.


Карнікі назвалі парушэннем закону тое, што Садчанка і Кузняцоў чыталі ў інтэрнэце крыніцы інфармацыі, альтэрнатыўныя дзяржаўным, а Садчанка яшчэ і пашыраў інфармацыю з гэтых крыніц у адзін з мясцовых чатаў.

Артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека фіксуе права кожнага на свабоду выказвання меркаванняў, якое ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў. Пераслед за карыстанне рознымі сродкамі масавай інфармацыі і пашырэнне інфармацыі з іх ёсць парушэннем аднаго з падставовых правоў чалавека з боку ўладаў Беларусі.

Пры гэтым, карная структура хваліцца тым, што праз такое беспадстаўнае затрыманне, яна вырашыла выкарыстаць прымусовую працу мужчын. Карнікі адправілі затрыманых у нейкае мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб яны там ліквідавалі наступствы ўрагану, які ў сярэдзіне ліпеня пранёсся над некаторымі раёнамі Гомельшчыны, у тым ліку Рэчыцкім. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што такім чынам яны “дали шанс искупить вину, не попав на нары”. Якім нават з дзейных цяпер у Беларусі законаў прадугледжаныя такія шанцы, нават, калі б сапраўды меў месца факт здзяйснення правапарушэння, карны орган не ўдакладняе.

Аднак, паводле сцвярджэння ў тэлеграм-канале карнай структуры, хлопцы на прымусовыя працы не выправіліся. Таму зараз ім пагражаюць новым затрыманнем і зняволеннем.