У рабочым пасёлку Сасновы Бор вывесілі украінскі сцяг

Жорж Кунцэвіча 18.10.2023

>>

“З 13 на 14 кастрычніка ў рабочым пасёлку Сасновы Бор было надзвычай напружана. Там было і міліцыянтаў, і супрацоўнікаў КДБ. Хапун …”, - паведаміла “Гомельскай вясне” крыніца пра незвычайную  актыўнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Як аказалася, дзя гэтага знайшлася нагода.

У самым цэнтры пасёлка на мясцовай плошчы, што месціцца паміж агульнаадукацыйнай школай, домам культуры і пасялковым саветам, устанавілі флагшток, на якім вісеў дзяржаўны сцяг.

У ноч з 13 на 14 кастрычніка нехта перарэзаў дрот флагштока, зняў сцяг Рэспублікі Беларусь і выкінуў у сметніцу, а замест яго прымацаваў сцяг Украіны.

Вядома, што супраць асобаў, якія здзейснілі гэты акт, ужо ўзбуджана крымінальная справа па арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса.

На месца здарэння былі выкліканы супрацоўнікі следча-аператыўнай групы. Падчас правядзення следчых і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў была ўстаноўлена асоба, якая ўчыніла гэтае злачынства.

Ім аказаўся 41-гадовы грамадзянін В. С., які раней працаваў у Светлагорскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Таксама вядома, што праз пэўны час В. звольніўся.  Быў законапаслухмяным грамадзянінам.

У кватэры па месцы жыхарства В. С. і яго брата І. С. быў праведзены вобшук. У адным з пакояў на сцяне вісеў бела-чырвона-белы сцяг з выявай «Пагоні».

Цяпер мужчыны затрыманыя. Вядома, што І. С. атрымаў 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але невядома па якім артыкуле КоАП РБ  і  вырашаецца пытанне аб прымяненні меры стрымання ў адносінах да В. С.