Выбары* 2024 года ў Беларусі пачынаюцца ва ўмовах няспынных рэпрэсій
Жорж Кунцэвіч
05.12.2023
Кампанія “Праваабаронцы
за свабодныя выбары” падрыхтавала
першую справаздачу па маніторынгу
выбараў 2024 года. Коратка знаёмім з яе высновамі.
Экспертная місія па маніторынгу выбараў*2024
ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і праваабарончым цэнтрам
«Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Выбары*2024 года ў Беларусі пачынаюцца ва ўмовах няспынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай
адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у
атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі.
Пасля поствыбарчага крызісу 2020 года і канстытуцыйных
зменаў 2022 года адбыліся істотныя змены ў прававым рэгуляванні выбараў. Гэтыя
змены накіраваныя на зніжэнне ролі парламента, звужэнне кола ўдзельнікаў
электаральных працэсаў, абмежаванне выбарчых правоў грамадзян і павышэнне
кантролю ўладаў над выбарчым працэсам. Змены ў прававым рэгуляванні выбараў у
Беларусі робяць іх на практыцы несвабоднымі і несправядлівымі.
На ўзроўні правапрымянення і адміністрацыйнай практыкі,
працягваюцца рэпрэсіі супраць любых праяваў таго, што ўспрымаецца ўладамі як
палітычныя актыўнасці, ліквідаваныя незалежныя СМІ і практычна ўсе арганізацыі
грамадзянскай супольнасці, асабліва праваабарончыя. Сродкі прававой абароны,
што існуюць, па-ранейшаму неэфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці
судоў, прадказальнасць ў правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе
канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы.
Слова “Выбары”* з зорачкай у дачыненні да выбарчай
кампаніі-2024 выкарыстоўваецца, каб
падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і
справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай
меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных
сходаў і асацыяцыяў, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай
ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.
Цалкам са справаздачай
можна азнаёміцца на сайце кампаніі.