З калоніі ў Мазыры нельга пазваніць з-за абрыву кабелю?

Жорж Кунцэвіч 18.07.2023

>>

Праваабаронцы пішуць аб праблемах з тэлефоннай сувяззю ў Мазырскай калоніі №20.

Як стала вядома MAYDAY, усе асуджаныя пазбаўленыя магчымасці рабіць стандартныя дазволеныя рэжымам чатыры тэлефонныя званкі ў месяц. Адміністрацыя тлумачыць гэта абрывам кабеля.

Праблема з'явілася каля тыдня таму і, як мінімум, да 25 ліпеня нічога не зменіцца. Замест тэлефонных званкоў асуджаным прапануюць відэазванкі праз скайп, але па адмысловым графіку (адзін відэазванок могуць прыраўняць да трох тэлефонных) і не ўсім. Загадзя складзены расклад званкоў на месяц больш не актуальны.

Адзначым, што праблема з тэлефоннымі званкамі ў беларускіх калоніях абвастрылася апошнія паўтара года. З 1 студзеня 2022 года «Белтэлекам» паэтапна ліквідуе паслугу таксафонаў як незапатрабаваную і затратную. Акрамя пенітэнцыярных устаноў такіх апаратаў ужо нідзе не засталося, а ў некаторых калоніях ужо карыстаюцца мабільнай сувяззю.

Яшчэ адна непрыемная навіна з мазырскай ВК-20

Адміністрацыя папраўчай калоніі забараніла перасылаць сшыткі і ручкі ў заказным лісце. Цяпер дробныя канцылярскія тавары можна дасылаць толькі бандролямі, колькасць якіх жорстка рэгламентавана рэжымам адбыцця пакарання.

Адразу некалькі такіх лістоў (а раней яны даходзілі без праблем) вярнуліся адрасатам. Правілы былі больш жорсткімі з 1 ліпеня. Неафіцыйна супрацоўнікі пенітэнцыярнай установы кажуць, што ўсе змены ў сістэме звязаныя з прыходам новага начальніка ўпраўлення ДВП Гомельскай вобласці Андрэя Гудына.