Быў "экстрэмістам", стаў "тэрарыстам"
Жорж Кунцэвіч
28.11.2023
>>
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс “Асоб, якія маюць
дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” — там з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі
чалавек. Сярод іх асуджаны жыхар Мазыра Пётр Старацітараў.
Палітзняволены Пётр Старацітараў — 65-гадовы прадпрымальнік з
Гомельшчыны, яго затрымалі за антываенныя паведамленні, якія абражалі
Лукашэнку. У савецкія часы ён вучыўся ва ўкраінскім Крывым Рогу, працаваў у
"Мазырпрамбудзе", а ў 1992 годзе разам з сябрамі заснаваў кампанію
"Лотас", саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер.
21 жніўня 2023 г. у Гомельскім абласным судзе Пятра
асудзілі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
17 лістапада ўнесены МУС у "спіс экстрэмістаў",
а сёння ён унесены КДБ у "спіс тэрарыстаў".
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1138 чалавек, з іх 383 —
беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1147 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі
выдаленыя раней).