За распальванне варожасці судзяць жыхара Рэчыцы
Цімур Казачэнка
27.07.2022
>
У Гомельскім абласным судзе 27 ліпеня судзяць
жыхара г. Рэчыца Уладзіміра Прадкіна
– за размяшчэнне ў сацыяльных сетках літаратуры пра нацысцкую Германію і
таталітарныя часы ў СССР.
Уладзімір Прадкін размясціў у 2018 г. у
сацыяльных сетках мемуары нямецкага генерала, а таксама свой фотаздымак у форме
нямецкага афіцэра, зроблены падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расіі. Грамадзяніна
абвінавацілі ў рэабілітацыі і прапагандзе нацызма, пераглядзе вынікаў II сусветнай вайны. У зале суда 54-гадовага Прадкіна ахоўвае канвой з 4-х
міліцыянтаў.
Справа вядзецца паводле часткі 1 артыкула 130
Крымінальнага кодэкса – “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці
іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы”, і ч. 1 арт. 342-1 – “Прапаганда
самазабойства”. Па першым артыкуле падсуднаму пагражае да 5 год пазбаўлення
волі, па другім – абмежаванне волі да 2-х год.
Абвінавачаны быў затрыманы 9
снежня 2021 г., змешчаны на 3 дні ў ізалятар часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС,
затым адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе. У цяперашні час ён ўтрымліваецца ў
СІЗА № 3 у Гомелі.
Справа разглядаецца не ў раённым, а ў абласным
судзе, гэта значыць, Гомельскі абласны суд з’яўляецца па гэтай справе судом
першай інстанцыі. Разам у другой палове ліпеня Гомельскі абласны суд разглядае
ў якасці суда першай інстанцыі 6 крымінальных спраў, якія маюць палітычную
афарбоўку.