Жыхарку Светлагорска, абвінавачаную ў абразе міліцыянта, вызвалілі ад адказнасці
Жорж Кунцэвіч
04.07.2022
>>
У судзе
Светлагорскага раёна 4 ліпеня разглядалася крымінальная справа мясцовай жыхаркі
Марыны Савельевай. Жанчыну абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369
Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў
суддзя Аляксандр Валодзькін.
Па матэрыялах абвінавачання, Марына Савельева яшчэ ў 2020 годзе пакінула зняважлівы, на меркаванне следства,
каментарый у інтэрнэце пад допісам пра супрацоўніка міліцыі
Уладзіміра Казлоўскага. Аднак падчас расследавання справы следчымі закончыўся
тэрмін даўніны, піша "Гомельская вясна".
Старшы лейтэнант
міліцыі Уладзімір Казлоўскі
– участковы інспектар міліцыі ў Гродне, які нечакана зваліўся на зямлю падчас
правакацыі 29 траўня 2020 года на пікеце па збору подпісаў за вылучэнне
кандыдатам у Прэзідэнты РБ Святланы Ціханоўскай. Пад здымкам у інтэрнеце былі напісаны
шматлікія каментарыі, якія сталі прычынай шэрагу крымінальных спраў.
У адпаведнасці з пунктам 1 часткі 1 артыкула 83 «Вызваленне
ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўніны»
Крымінальнага кодэкса, «асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі са
дня здзяйснення злачынства» прайшло «2 гады – пры здзяйсненні злачынства, якое
не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі». Гэта не адносіцца да выпадкаў, калі да
заканчэння тэрміна даўніны «асоба здзейсніць новае наўмыснае злачынства», альбо
«скрыецца ад органа крымінальнага пераследу альбо суда».