У Вільні пад бел-чырвона-белымі сцягамі перапахавалі парэшткі беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага
Андрусь ГАЁВЫ, фота Радыё Свабода
22.11.2019
Сотні беларусаў з нацыянальнымі сцягамі праводзілі нашага героя на ягоны апошні спачын. Урачыстая цырымонія прайшла пры ўдзеле прэзідэнтаў Летувы і Польшчы. Улады Беларусі адмовіліся накіроўваць на ўрачыстасці роту ганаровай варты, а прадстаўляць дзяржаву даверылі віцэ-прэм’еру, якога землякі асвісталі за фразу пра тое, што фігуру барацьбіта за нацыянальнае вызваленне не трэба палітызаваць.
Парэшткі кіраўніка вызвольнага паўстання супраць расійскага панавання на нашых землях Кастуся Каліноўскага і яшчэ дзевятнаццаці ягоных паплечнікаў выпадкова знайшлі падчас аднаўлення схілаў гары Гедыміна ў Вільні пасля вопаўзня яшчэ ў 2017 годзе. Целы змагароў за свабоду Бацькаўшыны расійскія акупацыйныя ўлады на чале з генерал-губернатарам «Северо-Западного края», як называлі ў Расійскай імперыі Беларусь, Міхаілам Мураўёвым пасля смяротнай кары 10 сакавіка 1864 года скінулі ў яму на гары Гедыміна на тэрыторыі свайго вайсковага гарнізону, які там тады месціўся, і засыпалі вапнай, а месца пахавання зраўнялі, каб яно не было вядома. Віленцы здагадваліся і нават былі ўпэўненыя, што паўстанцы пахаваныя на гары Гедыміна, але канкрэтнае месца ніхто не ведаў. І ў выніку прыроднага катаклізму гара праз 150 гадоў сама адкрыла нашчадкам таямніцу. Пасля пільнага навуковага даследвання для ідэнтыфікацыі парэшткаў, калі ў іх прыналежнасці не засталося сумневаў, сёння героі былі годна і ўрачыста перапахаваныя.
Можна з усёй упэўненасцю казаць, што гэтае перапахаванне стала сапраўды беларускім. Падчас афіцыйнай часткі цырымоніі развітання з целамі герояў, якая адбывалася ў Катэдральным саборы Святых Станіслава і Уладыслава ў самым цэнтры Вільні, на плошчы перад храмам збіралася ўсё больш і больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі. Нашыя нацыянальныя бел-чырвона-белыя колеры відавочна пераважалі сімволіку іншых краінаў, якія таксама шануюць подзьвіг Каліноўскага і ягоных паплечнікаў – Летувы, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі.
Дзяржаўныя ж чырвона-зялёныя колеры былі заўважныя толькі на вянку, які прынеслі ад імя афіцыйнай дзяржаўнай дэлегацыі. Узначальваў яе намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Дэлегацыі іншых краінаў, якія мелі дачыненне да паўстання пад кіраваннем Каліноўскага, былі прадстаўленыя ўзроўнем кіраўнікоў дзяржаваў – прэзідэнтамі Летувы Гітанасам Наўседам і Польшчы Анджэем Дудам.
Прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда (на пярэднім плане) і Летувы Гітанас Наўседа
Прэзідэнты Летувы і Польшчы казалі пра тое, што дзейнасць паўстанцаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага стала падмуркам таго, што сёння тыя народы, на землях якіх адбывалася паўстанне, маюць свае краіны. Пра важны ўнёсак Кастуся Каліноўскага ў фармаванне беларускай самасвядомасці і нацыябудаванне, пра тое, што пралітая за агульныя ідэалы свабоды кроў і сёння аб’ядноўвае народы нашых краінаў прамаўляў каталіцкі арцыбіскуп Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Кіраўнік жа афіцыйнай дэлегацыі Беларусі Ігар Петрышэнка ў сваёй прамове нібыта апраўдваўся, адзначаючы, што наша краіна па магчымасці дапамагала ў справе ідэнтыфікацыі парэшткаў Каліноўскага (насамрэч, запозна дазволіла эксгумаваць меркаваную магілу ягонага брата Віктара), што ягонае імя ў нас не забытае – яго носяць вуліцы ў некалькіх гарадах, школа, пра яго створаныя розныя мастацкія творы. У канцы Петрышэнка выдаў звыклую сярод нашых чыноўнікаў сентэнцыю, што асоба Каліноўскага (рэвалюцыянера, які адстойваў ідэалы свабоды людзей і незалежнасці нашай краіны ад агрэсіўнай імперыі, чыя постаць і дагэтуль з’яўляецца прыкладам самаадданага змагання за гэтыя ідэалы) «не павінна выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах». Пасля гэтых словаў, якія з вялікіх экранаў трансляваліся на плошчу, там пачуліся свіст і воклічы «Ганьба!» Варта таксама адзначыць, што ўжо пасля перапахавання на могілках да Петрышэнкі падыйшла карэспандэнтка беларускай службы Радыё Свабода і запыталася ў яго пра ягоныя ўражанні ад цырымоніі. Віцэ-прэм’ер Беларусі ў адказ маўчаў, папусціўшы вочы долу, а нейкі ягоны памочнік казаў, што ім няма часу, трэба ехаць да прэзідэнтаў (якія раней з’ехалі з могілак) і ўрэшце падштурхнуў Петрышэнку і яны пашыбавалі ад журналістаў.
Афіцыйная дэлегацыя Беларусі. Ігар Петрышэнка другі справа.
На мерапрыемствах перапахавання герояў прысутнічаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які быў туды афіцыйна запрошаны. А таксама палітыкі, літаратары, культурныя дзеячы Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Лявон Баршчэўскі, кіраўніца Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла ды іншыя.
Свой вечны спакой героі паўстання знайшлі ў адмысловай капліцы на самых старажытных могілках Вільні, якія маюць назву Росы. Грамадскі камітэт па арганізацыі перапахавання, створаны неабыякавымі людзьмі ў Беларусі пры шырокай падтрымцы грамадства дамогся, каб на кожным надмагіллі паўстанцаў былі надпісы не толькі па-летувісску і па-польску, але і па-беларуску. Усё ж, амаль усе яны паходзілі з Беларусі. Дамагчыся больш шырокага ўдзелу беларускай дзяржавы ў перапахаванні не атрымалася. Так, Міністэрства абароны Беларусі на зварот пра накіраванне на ўрачыстасць роты ганаровай варты і выканання ў Мінску ў гонар нацыянальнага героя ўрачыстага салюту адказала, што гэта «не прадстаўляецца магчымым». Вайсковую пашану беларускаму кіраўніку ўзброенага паўстання аказвалі толькі вайскоўцы Летувы і Польшчы.