Міністр унутраных справаў Шуневіч пайшоў у адстаўку
Палеская Вясна
11.06.2019
Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня прыняў рапарт аб адстаўцы міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, піша БелТА.
Сцьвярджаецца, што Шуневіч сам звярнуўся да Лукашэнкі з рапартам аб адстаўцы, а не быў звольнены. Ён узначальваў міністэрства больш як сем гадоў — з траўня 2012 году.
«У нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забясьпечваць пераемнасьць, дынаміку, хуткасьць і эфэктыўнасьць прыняцьця рашэньняў, — тлумачыў рапарт аб адстаўцы сам Шуневіч. — І гэта досыць складана, быць актуальным. Па-першае, патрэбен сьвежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы і пра сваю эфэктыўнасьць, лічу, што прыйшоў час зьмяніць род дзейнасьці. Дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока замылілася. Можа, трэба паспрабаваць нешта іншае. Гэта адзіная матывацыя, я яе выклаў кіраўніку дзяржавы, ён з гэтым пагадзіўся».
Шуневіч дадаў, што пакуль ня мае прапановаў адносна новага месца працы, але «спадзяецца прынесьці карысьць дзяржаве на іншай пасадзе».
Лукашэнка скрытыкаваў Шуневіча
10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка праводзіў сустрэчу з Ігарам Шуневічам, на якой крытыкаваў міністра. Пры чым спачатку зьявіліся навіны пра крытыку, затым — пра хакейны клюб «Дынама», дзе Шуневіч узначальвае назіральную раду. Навіны пра адстаўку зьявіліся праз тры гадзіны пасьля гэтага.
«Мяне насьцярожвае, што мы часам, ня думаючы, у пляне перастрахоўкі або яшчэ чагосьці пачынаем ствараць ці то „канцлягеры“, ці то нейкія „гета“ ў Беларусі, — казаў Лукашэнка пра падмуркавыя блёкі ўздоўж дарогі ля фанзоны. — Мы сёньня ня ў Сырыі, ня ў Лібіі, і ў нас не Ірак, каб усё гэта тварыць».
Шуневіч: адказных за ўцечкі звольняць
Міністэрства ўнутраных спраў вызначыла крыніцы ўцечкі службовай інфармацыі. Тыя, хто меў да гэтага дачыненьне, будуць звольненыя, цытуе заяву Шуневіча пасьля сустрэчы з Лукашэнкам БелаТА.
«Уцечка інфармацыі — гэта заўсёды актуальна. Камісія МУС з ліку супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня ўнутранай бясьпекі ўстанавіла і крыніцы ўцечкі, і канкрэтныя форму і спосабы перадачы гэтай інфармацыі, падкрэсьліваю, службовай, не сакрэтнага кшталту. Мы прэвэнтыўныя меры ўжо прынялі. Тыя, хто парушыў дысцыпліну і нашы ўнутраныя загады, інструкцыі з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, устаноўлены і будуць звольненыя за гэтыя парушэньні», — сказаў ён.
Шуневіч падкрэсьліў, што праблема ня носіць сыстэмны характар, але дадаў, што «мінімізаваць гэты працэс» «досыць складана, улічваючы разьвіцьцё сучасных тэхналёгій перадачы інфармацыі, мэсэнджэраў і гэтак далей».
Кажучы пра ўцечкі, Шуневіч, падобна, меў на ўвазе найперш самы папулярны ў Беларусі тэлеграм-канал блогера Nexta, які часта публікуе ўнутраныя зводкі міліцыі і іншую закрытую для грамадзтва інфармацыю.
Радыё Свабода