Еўрапейскі тэлеканал выпусціў відэафільм “Страх і рэпрэсіі ў Беларусі”

Цімур Казачэнка 29.02.2024

>

Еўрапейскі тэлевізійны канал “Артэ” (Arte) выпусціў 30-хвілінны дакументальны відэафільм “Страх і рэпрэсіі ў Беларусі”.

У відэафільме паказаны падзеі 2020 г., калі ў Беларусі адбываліся мірныя акцыі пратэсту пасля абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, і распавядаецца пра рэпрэсіі, разгорнутыя правячым рэжымам. Фільм выпушчаны на нямецкай мове з англійскімі субцітрамі. Тэлеканал свае праграмы прысвячае ў асноўным тэмам мастацтва і культуры; у відэафільме падрабязна распавядаецца пра палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні ў ліпені 2023 г.

Сярод тых, у каго ўзятыя інтэрвію – мастачка Кацярына Будзько, былая студэнтка 3 курса факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, якая за ўдзел у акцыі пратэсту была асуджана судом Савецкага раёна г. Мінска (суддзя Фёдарава Марына) і зняволена на 2,5 гады ў калоніі № 4 ў Гомелі.

Тэлеканал Arte, заснаваны ў 1991 г., базіруецца ў г. Страсбур (Францыя) і робіць якасную дакументалістыку. У інтэрнеце відэафільм пра сітуацыю ў Беларусі можна глядзець па спасылцы: Fear and Repression in Belarus 

На здымку: кадр з фільма.