Мазыранку Таццяну Курыліну ўнеслі ў спіс
Жорж Кунцэвіч
17.07.2023
>
Палітзняволеную ўраджэнку Мазыра Таццяну Курыліну ўнеслі ў
“тэрарыстычны” спіс, які рыхтуе КДБ Беларусі. Яе падманным шляхам угаварылі вярнуцца
ў Беларусь па праграме «Дарога дадому», а затым асудзілі аж па дзесяці
крымінальных артыкулах.
Судовы працэс над Таццянай Курылінай пачаўся ў Гомельскім
абласным судзе 28 снежня 2022 года. Справу разглядаў суддзя Мікалай
Доля. А 30 сакавіка суд прызнаў Таццяну вінаватай і асудзіў на чатыры з
паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апрача
таго, жанчыне прыйдзецца сплаціць штраф у памеры 100 б.в. і вялікія
кампенсацыі маральнай шкоды "моцна пакрыўджаным і пацярпелым асобам"
на агульную суму 23 500 рублёў.
14 красавіка прваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.
20 чэрвеня ў Вярхоўным судзе была разгледжана
апеляцыйная скарга палітзняволенай.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года стала вядома, што Таццяна
пачала адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі №4.
Цяпер жа яна трапіла ў абноўлены спіс "Асоб, якія маюць дачыненне да
тэрарыстычнай дзейнасці".