Сакавіцкае здарэнне ў Рэчыцы, якое магло скончыцца трагедыяй
Жорж Кунцэвіч
14.06.2022
>>>
Шматдзетны бацька бензапілой выгнаў з дома асоб у цывільным,
якія прыйшлі па яго жонку з-за антываенных выказванняў — супраць яго распачалі
крымінальную справу. Здарэнне адбылося яшчэ ў сакавіку.
Як стала вядома "Нашай Ніве", гэта адбылося 2 сакавіка 2022
года. Жонка Міхаіла пабудзіла мужа, які спаў пасля працы, і сказала, што да іх
прыйшлі, мабыць, міліцыянты.
Жыхар Рэчыцы Міхаіл Карасёў падумаў, што ў дом уварваліся злодзеі, таму што ён
да гэтага бачыў некалькі аб'яў аб тым, што ў горадзе арудуюць бандыты, якія
прадстаўляюцца супрацоўнікамі міліцыі, а самі выманьваюць гаспадароў і рабуюць
дамы.
Мужчына ўзяў бензапілу, каб прыстрашыць і выгнаць няпрошаных
гасцей. Супрацоўнікі збеглі, а праз дзесяць хвілін пасля гэтага да іх прыехаў
міліцэйскі нарад. Цяжарную жонку мужчыны паставілі на калені, ёй моцна
выкруцілі рукі. У жанчыны засталіся сінякі.
Міхаілу заламалі рукі і павезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе прад'явілі 364 артыкул Крымінальнага кодэкса (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да
супрацоўніка органаў унутраных спраў). Максімальнае пакаранне па гэтым
артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў. Таксама з
Міхаіла патрабуюць матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.
На ягоную жонку
склалі два адміністрацыйныя артыкулы — 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне,
перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай
дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і 24.3 (Непадпарадкаванне
законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім
службовых паўнамоцтваў).
Сям’я Міхаіла шматдзетная, у пары чацвёра дзяцей. Арыштаваць
жанчыну па законе не маглі, далі штраф — 600 рублёў.
29-гадовы мужчына працаваў на Рэчыцкім
метызным заводзе машыністам крана і ад палітыкі быў далёкі.