Першая смерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар Дашкевіч

Палеская Вясна 31.03.2020

У Беларусі памер першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, паводле інфармацыі Радыё Свабода, пра гэта паведамілі сваякі актора.​

У прэсавай службе Мінздароўя Беларусі пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар аб прычынах смерці Дашкевіча, прэсавая сакратарка Юлія Барадун не здымае слухаўку.


У студзені актору споўнілася 75 гадоў. Віктар Дашкевіч ад 1973-га працаваў у Коласаўскім тэатры, з 1981-га па 1990-ы і з 1991-га па 2007 год выконваў абавязкі загадчыка трупы. На сцэне выканаў дзясяткі роляў. Заслужаны артыст Беларусі (2016), быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010), ганаровымі граматамі Кабінета міністраў (1996) і Нацыянальнага сходу Беларусі (2006) ды іншымі ўзнагародамі.

Да шпіталізацыі ён ужо меў хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх.

Днём раней ягоная жонка расказвала Свабодзе, што мужчына 6 дзён знаходзіўся ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх — у яго выявілі COVID-19.

«Мужу на пяты дзень лячэньня стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік».

Сама яна таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнеўманіяй.

Актор 10 і 11 сакавіка працаваў у спектаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру. У самім тэатры пацвердзілі, што адзін з актораў шпіталізаваны з дыягназам COVID-19, але паведамілі, што працягваюць рэпэтыцыі, хоць найбліжэйшыя спектаклі скасавалі з прычыны «практычна пустой залы».

20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе блага, у іх была тэмпература. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.

Там узялі тэсты на каранавірус, у абодвух аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.

Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзвярыма кватэры.

У Беларусі на 30 сакавіка пацвердзілі 152 выпадкі інфікавання новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад медычным кантролем і на лячэнні». Да сёняшняга дня пра смерці людзей з пацверджаным дыягназам COVID-19 не паведамлялася.