Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта зрабіла Казахстан усходнім суседам Беларусі
Палеская Вясна
20.02.2020
Наведваючы Ваўкавыскі педагагічны каледж на Гарадзеншчыне, намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Вольга Чупрыс зрабіла адкрыццё ў геаграфіі і некалькі цікавых заяваў.
Вольга ЧУПРЫС (у цэнтры). Фота: grodnonews.by
У прыватнасці, яна паведаміла, што ўлады плануюць увесці нейкую асаблівую адказнасць за абразу настаўнікаў. Прычым, як сказала Вольга Чупрыс, робіцца гэта на ўзор досведу Казахстану, дзе такая норма існуе. Пры гэтым азіяцкую краіну намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі назвала «нашым усходнім суседам».
«Грамадству трэба стаць на абарону педагогаў. Гэта можна зрабіць, выкарыстоўваючы, напрыклад, досвед нашага ўсходняга суседа - Казахстана, дзе ўвялі адміністрацыйную адказнасць за абразу настаўніка пры выкананні службовых абавязкаў»,
– цытуе Вольгу Чупрыс выданне Гродзенская праўда.
Вольга Чупрыс мае ступень доктара юрыдычных навук і званне прафесара. Яна працавала на розных кіруючых пасадах на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Была прарэктарам па навучальнай рабоце і інавацыях БДУ. Са снежня 2019 года – намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У 1998 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Канстытуцыйна-прававыя праблемы грамадзянства ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў: параўнальна-прававы аналіз», а ў 2010 годзе – доктарскую на тэму: «Тэарэтычныя праблемы прававога рэгулявання дзяржаўнай службы Рэспублікі Беларусь». Сярод навуковых публікацыяў і навучальна-метадычных выданняў, якія падрыхтавала Вольга Чупрыс, толькі адна публікацыя выйшла на беларускай мове.
Варта адзначыць, што адлегласць паміж Беларуссю і Казахстанам – каля двух тысяч кіламетраў.