У Рэчыцы актывісты прабеглі 4 кіламетры дзеля дзяцей з аўтызмам
Палеская Вясна
19.08.2019
Рэчыцкія актывісты аб’яднання «Гавары праўду» вырашылі дыстанцыйна далучыцца да дабрачыннага марафону «24Разам», які ладзіла кампанія-відэасэрвіс VOKA.
Паводле ўмоваў марафону, у тым выпадку, калі ягоныя ўдзельнікі на працягу 24 гадзінаў прабягуць альбо праплывуць агулам 10 000 гадзінаў, кампанія VOKA, мусіць пералічыць 50 тысячаў рублёў грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і праекту «Спорт-інклюзія», які курыруе вядомая плыўчыха Аляксандра Герасіменя.
Некалькі прадстаўнікоў рэчыцкай арганізацыі грамадскага аб’днання «Гавары праўду» вырашылі падтрымаць акцыю і далучыліся да яе дыстанцыйна. У такім выпадку, адмысловы дадатак, які яны спампавалі на свае гаджэты, падлічваў бегавы час і адлегласць.
Для забегу яны абралі цэнтральны гарадскі стадыён. Праўда, дабрачынны старт не атрымаўся надта масавым. Магчыма віной таму дождж, які ўвесь час перад пачаткам набіраў моцы. Тым не менш, тыя, хто выйшаў на бегавую дарожку, не толькі дадалі свой унёсак у агульны «набег», але і атрымалі карысць для свайго здароўя, а таксама процьму станоўчых эмоцыяў.
Самы малады ўдзельнік забегу – Даніла Андрэюк прабёг больш за 4 кіламетры на працягу паўгадзіны.
Гэта вельмі файна, адчуваць сваю спрычыненасць да нечага добрага. Калі і мае хвіліны будуць спрыяць дасягненню мэты праекта – дапамогі тым, хто мае ў гэтым патрэбу, я буду вельмі задаволены. Варта адзначыць, што і для мяне самога гэтая прабежка ані не зашкодзіла, – падзяліўся сваімі ўражаннямі юнак.