Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да траіх фігурантаў справы

Жорж Кунцэвіч 07.06.2022

>>>>

Праваабаронцам стала вядома, што трох фігурантаў справы “Рабочага руху” са Жлобіна Дзмітрыя Елісеева, Святлану Зыль і Маргарыту, прозвішча якой пакуль невядомае, азнаёмілі з пастановай аб спыненні крымінальнай справы па арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

На працягу 21-23 верасня 2021 года пракацілася хваля затрыманняў завадчан і стачкамаўцаў з "Гродна Азота", Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і "Нафтана". Некалькі чалавек з "Гродна Азот" выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і Гомельскае СІЗА №3. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў рамках артыкула 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Святлану Зыль і Дзмітрыя Елісеева затрымалі 22 верасня 2021 года пасля чарговага допыту і змясцілі ў Гомельскае СІЗА. Затым 12 лістапада Святлану адпусцілі на волю, змяніўшы меру стрымання на заклад, а 20 студзеня 2022 года пад заклад быў адпушчаны Елісееў.

На мінулым тыдні Елісеева выклікалі ў СК, ён напісаў заяву аб спыненні крымінальнай справы супраць яго ўзамен на штраф у памеры 30 базавых велічынь. Па якой справе быў аштрафаваны пакуль незразумела. Таксама яму абяцалі вярнуць “закладніцкія” грошы. Аналагічная сітуацыя і ў Святланы Зыль.

У межах крымінальнай справы "Рабочага руху" яны застаюцца ў якасці сведкаў. Таксама вядома, што зараз па справе праходзіць 21 чалавек.