Футбол. Чэмпіянат Беларусі вярнуўся ў Рэчыцу
Палеская Вясна
22.07.2019
Заключную гульню першага круга Чэмпіяната Беларусі сярод камандаў першай лігі рэчыцкі «Спутник» правёў на родным стадыёне, які зноў здолеў прымаць гульні нацыянальнага першынства.
Фота суполкі ФК «Спутник» г. Речица
Ад пачатку сезона футбольны клуб «Спутник», які намагаецца адрадзіць славутыя традыцыі рэчыцкага футбола, закладзеныя раней славутым «Ведрычам», мусіў гуляць хатнія матчы ў Гомелі на стадыёне тамтэйшых чыгуначнікаў з былога «Гомельжелдортрансу». Рэчыцкае поле не паспелі падрыхтаваць да сезона і на ім адбываліся рамонтныя працы.
Першай гульнёй «Спутника» на рэчыцкім «Цэнтральным» стаў матч Кубка Беларусі супраць легендарнага БАТЭ з Барысава 26 чэрвеня. Тады рэчыцкая каманда прайграла з лікам 2 : 5. Але пасля яшчэ некалькі гульняў чэмпіянату «Спутник» гуляў на чужым полі. І вось – вяртанне ў горад, да якага каманда належыць.
20 ліпеня на сваім полі «Спутник» прымаў берасцейскі «Рух». На жаль, «родныя сцены» не дапамаглі рэчыцкім гульцам перамагчы. Але і прайграць таксама не дазволілі. Матч скончыўся з лікам 2 : 2. У «Спутника» галы забілі Нікіцін і Затэнка, а ў «Руха» Герман і Дземідовіч.
Паводле вынікаў першага круга абедзьве каманды размясціліся адна за адной у турнірная табліцы: «Спутник» на чацвёртым месцы, а «Рух» на пятым з аднолькавай колькасцю ачкоў. У рэчыцкай каманды на адну выйграную гульню болей.
Наступныя хатнія матчы «Спутник» таксама мае праводзіць на рэчыцкім «Цэнтральным».