У Мазырскай і Наваполацкай калоніях перасталі прадастаўляць вязням дазволеныя тэлефонныя званкі

Юрый Іваненка. 14.10.2023

>

Асуджаныя, якія адбываюць тэрмін у Мазырскай ПК-20, якая знаходзіцца ў прамзоне Мазырскага НПЗ, пазбаўленыя тэлефоннай сувязі са сваякамі, якая належыць ім па законе. Асуджаным тлумачаць, што не хапае аператыўных работнікаў, каб канваяваць іх у перамоўны пакой.

Па законе, асуджаныя маюць права на чатыры тэлефонныя званкі ў месяц і адзін відэазванок праз скайп (вайбер). Некаторыя вязні не змаглі пагаварыць са сваякамі ўжо каля трох тыдняў.

Нядаўна стала вядома, што двое палітычных вязняў не мелі тэлефонных званкоў дадому ўжо чатыры месяцы запар. А відэатэлефанаванні “палітычным” катэгарычна забароненыя.

Аналагічная сітуацыя склалася і ў папраўчай калоніі №1, якая знаходзіцца на тэрыторыі прамзоны наваполацкага НПЗ. Вязням калоніі адміністрацыя таксама заяўляе, што іх няма каму вадзіць на званкі, бо частка начальнікаў атрадаў з'ехала на вучобу, а аператыўныя работнікі знаходзяцца ў службовых камандзіроўках або ў адпачынках, і замяніць іх нібыта няма кім.

Да гэтага часу лічылася, што Наваполацкая ВК-1 з'яўляецца найгоршай у краіне пенітэнцыярнай установай. Аднак цяпер сваякі асуджаных сведчаць, што ўмовы адбыцця пакарання ў Мазырскай ВК-20 ідэнтычныя ВК-1. Абедзве калоніі знаходзяцца ў зонах экалагічнай паразы нафтагігантаў. Фактычна яны размешчаны за горадам, удалечыні ад жылой забудовы.