У памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласці працягваецца хваля затрыманняў

Жорж Кунцэвіч 25.07.2022

>

У сярэдзіне ліпеня «Палеская вясна» паведамляла аб «зачыстцы» Мазыра, адкуль раней вяліся атакі на Украіну, дзе размяшчаліся ваенныя РФ. Па публікацыях праўладных паблікаў стала вядома мінімум аб сямі затрыманні ў Мазыры.

Паводле версіі сілавікоў, затрымлівалі " экстрэмістаў, нацыстаў, каляфутбольных фанатаў». Сярод затрыманых, якіх прымусілі запісаць "пакаянныя відэа", былі непаўналетнія. Адзінай "віной" рэпрэсаваных мазырчукоў была падпіска на некаторыя тэлеграм-каналы.

Затым неафіцыйныя паблікі Губазіка заявілі пра "зачыстку" суседніх гарадоў - Нароўлі і Хойнікаў. На апублікаваным відэа адлюстравана, як супрацоўнікі АМАП у экіпіроўцы вядуць затрыманых, нібы асабліва небяспечных злачынцаў. Пры гэтым усіх абвінавацілі толькі толькі ў падпісцы на ТГ-каналы, піша "Флагшток".

Мяркуючы па відэа, было затрымана мінімум пяць мужчын. Адзін з іх, Аляксандр Лютаў, прызнаецца на «пакаянным відэа», што быў падпісаны на ТГ-каналы, якія абвешчаныя «экстрэмісцкімі».

Верагодна, за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Мяркуючы па ўсім, у панядзелак затрыманых асудзілі. Вынікі "судоў" пакуль не вядомыя - як паказвае практыка, затрыманых адпраўляюць за краты, асуджаючы на адміністрацыйны арышт.