Здымаўся ў фільме, апублікаваў фота ў форме нямецкага афіцэра: у Гомелі вынесены прысуд жыхару Рэчыцы
Жорж Кунцэвіч
09.08.2022
>>
Гомельскі абласны суд завяршыў 9 жніўня разгляд крымінальнай
справы ў дачыненні да жыхара Рэчыцы Уладзіміра Прадкіна, якога абвінавачваюць
па арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай,
рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). У справе ёсць яшчэ адзін артыкул
– ч.1 арт. 342-1 (прапаганда самазабойства).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Піскуноў.
Уладзіміра Прадкіна затрымалі супрацоўнікі гомельскага
ГУБАЗіКу 9 снежня 2021 года, калі ён выходзіў са свайго падворку, і зладзілі ў
ягонай хаце ў прысутнасці панятых ператрус. У выніку – забралі тэлефон і
ноўтбук. Затым змясцілі на тры дні ў ізалятар часовага ўтрымання і потым
адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Аднак пазней 54-гадовы мужчына быў зноў затрыманы.
Па версіі следства, Уладзімір
Прадкін размясціў на старонцы ў «ВК» фотаздымак сябе ў форме
нямецкага афіцэра, які быў зроблены падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расеі,
пад Масквой. Апроч гэтага, мужчыну паставілі ў віну размяшчэнне ў «ВК» кнігі з
мемуарамі нацысцкага генерала і каментары ў «Аднакласніках», дзе мужчына
хваліць Гітлера, паведамляе spring96.org.
Уладзіміра Прадкіна змясцілі на тры дні ў ізалятар часовага
ўтрымання, а потым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Прадкін распавядаў журналістам, што каля 10 гадоў таму ён
падпрацоўваў у Расеі на здымцы мастацкіх, гістарычных фільмаў і рабіў там фота
сябе ў форме нацысцкага афіцэра. Наконт мемуараў нямецкага генерала, якія ён
выклаў у сацсеткі, мужчына тлумачыць, што ён цікавіцца гісторыяй і яму было
цікава, як нацысты ўчынялі свае злачынствы і чым апраўдваліся.
Абвінавачанне ў прапагандзе самазабойства грунтуецца на
невялікім каментары ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, дзе Прадкін напісаў, што
калі нехта жадае скончыць жыццё самагубствам, то можна звяртацца да яго
–распавядзе, як гэта зрабіць. У судзе Прадкін патлумачыў, што гэта быў звычайны
жарт.
Судовы працэс распачаўся 27 ліпеня.
Суд пастанавіў пакараць Уладзіміра Прадкіна пазбаўленнем
волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.