У Ельску затрыманы дырэктар камунгаса. Нібыта з-за вучэнняў МУС
Цімур Казачэнка
25.10.2022
>
Днямі ў Ельску быў затрыманы дырэктар
камунальнага жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства «Ельскае» Яўгеній Малуха.
Паводле папярэдняй
інфармацыі, ён не выканаў нейкія распараджэнні адносна вучэнняў МУС, якія
праводзіліся ў Ельскім раёне ў пачатку гэтага месяца.
Прычына затрымання і артыкул Крымінальнага
кодэкса, паводле якога вядзецца справа, удакладняюцца. Мясцовыя ў Ельску
кажуць, што дырэктар камунгаса таксама напісаў у сацсетцы нейкі каментарый, які
не спадабаўся ўладам.
Раней, з 2014 года, Малуха кіраваў Ельскім
кансервавым заводам.
Тактыка-спецыяльныя вучэнні МУС РБ «па
ліквідацыі дыверсантаў у сувязі з ускладненнем ваенна-палітычнай абстаноўкі»
праводзіліся ў Ельскім раёне 11 – 12 кастрычніка.
Перад тым ва Украіне ў памежных з Беларуссю
раёнах Валынскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцей былі праведзены
тактыка-спецыяльныя вучэнні нацыянальнай гвардыі, памежнай службы, паліцыі і
тэрытарыяльнай абароны "Північний Буревій 2022", на якіх адпрацоўваліся вызваленне і зачыстка раёнаў ад
варожых сіл, а таксама выяўленне, блакіраванне і ліквідацыя варожых узброеных
фарміраванняў.
"Ускладненнем ваенна-палітычнай абстаноўкі" беларускія ўлады называюць сітуацыю, якая склалася ў выніку выкарыстання
тэрыторыі Беларусі расійскімі войскамі ў ходзе ўварвання ва Украіну.
На
здымку: падчас вучэнняў МУС у Ельску.