У Жыткавічах 10 жніўня – суд за «абразу прэзідэнта»
Цімур Казачэнка
09.08.2022
>
10 жніўня ў Жыткавічах будуць судзіць мясцовага жыхара за
«абразу прэзідэнта».
Разгляд справы ў судзе пачнецца ў 10 гадзін. Грамадзянін Дзмітрый Крывулька абвінавачаны паводле
часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса – «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», за
капіраванне і размяшчэнне допісу ў інтэрнеце, які палічылі абразлівым. Справу
вядзе суддзя Аношка Аляксандр.
Абвінавачанаму пагражае штраф, альбо выпраўленчыя работы
на тэрмін да 2 год, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 4 год, альбо
пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Штраф і выпраўленчыя работы па палітычна
матываваных справах практычна не прысуджаюць.
У цяперашні час у Беларусі па артыкуле 368 КК асуджана
альбо абвінавачана 159 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі
зняволенымі.
Акрамя таго, у адносінах да жыхара Жыткавічаў за той жа
самы допіс у інтэрнеце была ўзбуджана справа паводле часткі 2 артыкула 19.11
Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях – «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая
ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць». Частка 2 дадзенага артыкула – гэта «распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у
рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». За гэта накладаецца штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў, альбо
грамадскія працы, альбо адміністрацыйны арышт.