“Неблаганадзейных” жыхароў Светлагорска выклікаюць ў пракуратуру
Жорж Кунцэвіч
08.06.2022
>>
Супрацоўнікі міліцыі Светлагорскага РАУС ад 5 чэрвеня развозяць
позвы жыхарам горада, якіх улады лічаць «неблаганадзейнымі». Некалькіх грамадзян
выклікалі на 6 чэрвеня ў раённую пракуратуру на «прафілактычную гутарку».
Гутарку праводзіла намесніца пракурора, якая свае прозвішча не называла
(Хрысцюк Таццяна Васільеўна).
Вядома, што сярод тых, каго хацікавіла пракуратура - былы настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы №
12 Яўгеній Таўсцякоў, які актыўна ўкараняў новыя адукацыйныя
тэхналогіі і вучні якога былі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу. У 2020 г.
ён увайшоў у ініцыятыўную групу аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, а ў 2021 г. ў
яго кватэру з’явіліся з вобыскам, затрымалі на 72 гадзіны, а
затым звольнілі з працы.
Другі прыклад – прадпрымальнік Сяргей Сенцюроў, які
удзельнічае ў экалагічным руху за чысціню паветра. У яго кватэры 2 сакавіка
таксама быў вобыск – па справе падпалу чыгуначнага абсталявання. Ніякага
дачынення да падпалу ён не мае, але пасля вобыску яго затрымалі і змясцілі ў
ізалятар часовага ўтрымання, а на наступны дзень аштрафавалі за захоўванне
нібыта «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» ў мабільным тэлефоне (на якім не
было пароля, паколькі грамадзянін не лічыў, што яму трэба штосці хаваць).
Праваабаронцы адзначаюць, што па-сутнасці, падобныя вобыскі,
затрыманні і «прафілактычныя гутаркі» накіраваны на запалохванне людзей, якія
выказваюць палітычныя, экалагічныя ці яшчэ якія-небудзь погляды, адрозныя ад
пазіцыі ўладаў, піша "Гомельская вясна".
Між тым, у артыкуле 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
вызначана: «Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае
выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або
адмовы ад іх».