У “Спіс экстрэмістаў” дадалі жыхара Мазыра Антона Кашаеда
Жорж Кунцэвіч.
12.01.2024
>
12 студзеня МУС апублікавала абноўлены “Пералік грамадзян
Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне
да экстрэмісцкай дзейнасці”. У яго дадалі 22 чалавекі, сярод якіх і жыхар
Мазыра. Цяпер у спісе 3686 прозвішчаў беларусаў.
Што вядома пра Кашаеда?
15 снежня суд Мазырскага раёна завяршыў разгляд крымінальнай справы
21-гадовага мясцовага жыхара Антона Кашаеда. Юнака абвінавацілі ў абразе
Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс, які вяла суддзя Ярмоленка, пачаўся 11
снежня, але па невядомай пакуль прычыне, некалькі разоў абвяшчаліся перапынкі.
Пра Антона вядома, што ён студэнт, навучаўся ў у МДПУ імя
Шамякіна, актыўна займаецца спортам і мае свой ютуб-канал.
На фота: Антон Кашаед.