Жыхара Мазыра асудзілі за жнівеньскія падзеі 2020 года

Жорж Кунцэвіч 21.06.2023

>>

Суд Мазырскага раёна вынес суровы прысуд мясцоваму жыхару Уладзіміру Андрэйчуку, якога абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 арт. 342 КК).

Судовы працэс праходзіў у сакавіку пад старшынством суддзі Галіны Кніжонак.

Згодна з матэрыяламі справы Уладзімір Андрэйчук, увечары 11 жніўня 2020 года, "будучы дакладна дасведчаным з розных крыніц аб планаваным правядзенні на тэрыторыі Мазыра на канчатковым этапе выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзейнічаючы наўмысна, груба парушаючы грамадскі парадак, аказваючы відавочнае непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў АУС і ваеннаслужачым, разам з іншымі пратэстоўцамі перакрывалі дарожны рух, станавіліся ў счэпкі, гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі розныя лозунгі".

Пры гэтым кідалі камяні і бутэлькі ў бок супрацоўнікаў міліцыі і службовага транспарту.

Тады на бульвары Юнацтва ў Мазыры было затрымана больш дзесяці чалавек, якія «распылялі ў праваахоўнікаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні».

 “Калі нехта з натоўпу стаў кідаць камяні ў супрацоўнікаў міліцыі, я падтрымаў гэтую ідэю і таксама стаў кідаць камяні, кінуў не менш за 10 камянёў”,  прызнаўся ён у судзе.

У  справе – 8 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Пашкоджанні атрымала службовая тэхніка: аўтамабіль УАЗ і аўтобус ПАЗ.

Суд Мазырскага раёна 21 сакавіка прызначыў Андрэйчуку па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, а па артыкуле 364 – пазбаўленне волі на тэрмін тры гады.

Але за час ад жніўня 2020 года і да высвятлення ягонай ролі ў масавых беспарадках, Андрэйчука паспелі асудзіць па некалькіх частках “наркатычнага” 328 артыкула да 13 год пазбаўлення волі.

Такім чынам, жыхару Мазыра канчаткова прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ў умовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 150 базавых велічынь.