У Рэчыцы асудзілі мужчыну, які прагнаў з двара міліцыянтаў, прыняўшы іх за бандытаў
Жорж Кунцэвіч
05.07.2022
>>
У судзе Рэчыцкага раёна 4 ліпеня вынесены прысуд Міхаілу Карасёву, шматдзетнаму бацьку, які з бензапілой выгнаў са свайго дома людзей у цывільным. Яго абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў.
Машыніст Рэчыцкага метызнага завода Міхаіл Карасёў быў затрыманы 2 сакавіка 2022 года, калі да яго ў дом увайшлі прыйшлі двое асоб у цывільным, якія хацелі затрымаць жонку.
Тады ён уключыў бензапілу і прагнаў міліцыянтаў, прыняўшы іх за бандытаў. А праз некаторы час за ім прыехаў узмоцнены нарад.
Суд прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на два гады.
Таксама ён павінен выплаціць абодвум пацярпелым міліцыянтам матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды у памеры па 500 рублёў.
На ягоную жонку склалі два адміністрацыйныя пратаколы — 19.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і 24.3 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
У сям’і Карасёвых на выхаванні чацвёра дзяцей.