Жыхарка Светлагорскага раёна напісала заяву аб крадзяжы, а супраць яе распачалі справу аб абразе Лукашэнкі
Жорж Кунцэвіч
27.06.2022
>>
45-гадовая жыхарка вёскі Стракавічы Светлагорскага раёна
падала заяву аб крадзяжы грошай; за выказванні ў РАУС супраць яе распачалі
крымінальную справу аб абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК). Пра гэта паведамляе
блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
Жыхарка Стракавічаў заявіла, што грошы скрала яе знаёмая, з
якой яны разам распівалі спіртное, піша канал.
«У аддзеле жыхарка вёскі праявіла сябе ва ўсёй красе:
палівала брудам супрацоўнікаў, патрабавала папаліць, брыдкасловіла і ў выніку ў
прысутнасці супрацоўнікаў некалькі разоў абразіла прэзідэнта», – пішуць у
праўладным канале.
У відэа з камер назірання ў РАУС жанчына кажа: «Давайце,
напішыце пратакол, што я на Лукашэнку сказала», – пасля гэтага яе словы
запіканыя. У роліку жыхарка Страковічаў прамаўляе прозвішча Лукашэнкі некалькі
разоў. Паводле інфармацыі канала, жанчына знаходзіцца ў ІЧУ, паведамляе "Гомельская вясна".