Трыбун. Палітык. Паэт. Да гадавіны смерці паэта Анатоля Сыса

Жорж Кунцэвіч 04.05.2023

>>

4 траўня спаўняецца 18 год з дня трагічнай смерці таленавітага беларускага паэта Анатоля Сыса, які нарадзіўся ў Гарошкаве Рэчыцкага раёна.

Сёння  многія на Беларусі чулі пра Анатоля Сыса-паэта… некаторыя з сучаснікаў чыталі нават тое-сёе, яшчэ меней тых, хто захоплены яго палымянымі радкамі і толькі адзінкі (блізкія сябры і таварышы) памятаюць Сыса як аднаго з пачынальнікаў новай хвалі адраджэнцкіх рухаў на Беларусі, гарачага прамоўцу на шматтысячных мітынгах, трыбуна-сучасніка. Так, напачатку і ў сярэдзіне 80-х гадоў, Анатоль не толькі стварыў свае лепшыя вершы, ён яшчэ пры гэтым быў палітыкам. Прычым нацыянальная свядомасць, усведамленне неабходнасьці пераменаў прыйшлі да Сыса амаль што адначасна з паэзіяй. Але самастойна паходняй Адраджэння Анатоль мог і ня стаць – каб не кола сапраўдных сяброў, якія дапамагалі яму ўсвядоміць неабходнасць перамен і да меркаванняў якіх ён у тыя гады прыслухоўваўся. Але вернемся да таго, напоўненага свежым ветрам надзей, часу, калі Сыса слухалі тысячы.

У дні жалобы па паэту Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка пісаў: “Сыс увайшоў у гомельскае кола нацыянальна свядомай моладзі як адзін з яго лідэраў. Быў актыўным удзельнікам стратэгічнай нарады прадстаўнікоў моладзевых беларускіх арганізацый узімку 1984 году ў Смольні ля Мікалаеўшчыны, якую ладзіла «Група «Незалежнасць» і на якой было вырашана ствараць сетку арганізацый па ўсёй краіне. Так узнікла Канфэдэрацыя беларускіх суполак, якая, у сваю чаргу, сталася галоўным арганізацыйным апірышчам Беларускага народнага фронту.”

Першы несанкцыянаваны мітынг на Беларусі, які ў 1987 годзе арганізавалі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс быў прымеркаваны да гістарычнага беларускага свята Дзядоў. Ён адбыўся ў Менску ля помніка Янку Купалу 1 лістапада. Анатоль Сыс ва ўсю моц свайго маладога голасу паведаў тады праўду пра сталінскія рэпрэсіі ў дачыненні да лепшых сыноў Беларусі, назваў сотню прозвішчаў рэпрэсаваных дзеячаў, пісьменнікаў, палітыкаў.

Тады ён першым, ці адным з першых на Беларусі, прамовіў на адноўленыя дзяды Дзядоў у 1987 годзе, сваё палкае слова. Затым былі іншыя мітынгі, Курапаты… Варта прыгадаць яшчэ і львоўскую гісторыю, пра якую некалі ў “Дзеяслове” падрабязна распавёў Мікола Сцепаненка.

У жніўні 1988 году разам з беларускімі музыкантамі Сыс трапіў у Львоў.Там ля помніку Івану Франко збіраўся свядомы народ. Людзі прыходзяць да помніка, каб пагаварыць, паспяваць, пачытаць вершы. Але ж міліцыя пільнуе і заўсёды стаіць напагатове. Далі слова і госцю з Беларусі Анатолю. Сыс пачаў з прамовы, а затым прачытаў некалькі вершаў і цалкам завалодаў публікай.

Людзі быццам ашалелі. У адно імгненне міліцыянты ачапілі пляц, у натоўп паляцелі дымавыя шашкі…

Змяніўся час, мітынговых прамоўцаў змянілі палітыкі – прафесіяналы, палітыкі-кабінетчыкі, якім так не стае сысавай жарсці і пранікнёнага голасу трыбуна, якія ўздымалі людзей.

Праўдзівым сведкам таго, поўнага надзей на перамены часу, калі словы Анатоля Сыса знаходзілі водгук у тысячах сэрцаў, сталася прамова Анатоля Сыса на мітынгу, прысвечаным памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1 лістапада 1987 года ў Менску.