У Гомелі хутка пачнуць судзіць жыхара Петрыкава па 10 “палітычных” артыкулах

Жорж Кунцэвіч 08.02.2024

>

Ужо праз тыдзень у Гомелі пачнецца суд над 28-гадовым жыхаром Петрыкава Іванам Сухамеравым. Яго абвінавачваюць адразу па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса.


Закрытае пасяджэнне Гомельскага абласнога суда пачнецца 15 лютага. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Багінскі, які выносіў дзесяткі палітычна матываваных прысудаў у дачыненні да апанентаў улады, піша «Гомель Штодзень».

Івану інкрымінуюць:

ч. 1 арт. 361-3 (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);

ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі);

ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);

арт 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь),

ч. 3 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім);

ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);

арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў);

ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве);

ч. 2 арт. 290-5(Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі).

Вядома, што Іван у 2017 годзе атрымаў дыплом сацыяльнага педагога па заканчэнні Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна. Прыблізна з гэтага часу, як бачна па ягоных сацыяльных сетках, ён пачаў крытычна выказвацца на адрас улады. Асабліва актыўна мужчына выступаў супраць адыёзнага Дэкрэта “Аб дармаедах”.