Рэчыца: адзінокі пікет па зборы подпісаў на ўваходзе ў краму
Жорж Кунцэвіч
04.01.2024
>
Рэчыцкі “Дняпровец” 3 студзеня паведамляе, што
пікетаванне па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ў Палату
прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу працягваецца ў Рэчыцкім раёне.
“Ініцыятыўная група аднаго з кандыдатаў размяшчалася каля
гандлёвага цэнтра, у месцы, дзе заўсёды шмат рэчычан і прапаноўвала пакінуць
свае подпісы за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты”, - піша раёнка.
Аднак на апублікаваным фотаздымку бачна, што збор
подпісаў адбываецца не каля гандлёвага цэнтра, а пад навесам, каля ўваходу, што
парушае рашэнне райвыканкама “Аб вызначэнні ў Рэчыцкім раёне месцаў,
забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў
выбаршчыкаў".
Адзінае фота на сайце змясцілі нават двойчы.
Таксама не паведамляецца, за вылучэнне якога кандыдата
ставяць свае галасы рэчычане, паведамляюць “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Падобныя пастановачныя фота пачалі з’яўляцца і ў іншых
раённых СМІ. Там таксама не паведамляюць прозвішчаў прэтэндэнтаў, за якіх
збіраюць подпісы. Аднак амаль на ўсіх здымках відаць, ад якой партыі ці
арганізацыі вылучаецца кандыдат. У большасці выпадкаў — гэта “Белая Русь”.
На фота: пікет у Рэчыцы 3 студзеня 2024 года.