Юны спартовец з Хойнікаў атрымаў цяжкую траўму на Чэмпіянаце Еўропы і прынёс медаль Беларусі. Грамадства збірае грошы на лекаванне

Андрусь ГАЁВЫ 19.01.2020

Адначасова радасны і сумны выпадак адбыўся на юнацкім Чэмпіянаце Еўропы ў цяжкой атлетыцы, які ў сярэдзіне снежня праходзіў у горадзе Эйлат у Ізраілі.

Дзмітрый ХОДАС. Фота з сацыяльных сетак

Тады, у снежні многія дзяржаўныя СМІ ад БелТА да СБ-Беларусь сегодня паведамлялі пра тое, што беларускі спартовец Дзмітрый Ходас заваяваў у скарбонку зборнай нашай краіны бронзавы медаль юнацкага Чэмпіянату Еўропы ў цяжкой атлетыцы. Але пра тое, як гэта адбылося і якія наступствы атрымала, на жаль, не паведаміў ніхто.

16-гадовы Дзмітрый Ходас родам з Хойнікаў, там жа пачынаў трэнавацца ў ДЮСШ «Алімп». Пазней паступіў у вучэльню алімпійскага рэзерву ў Бабруйску. На Чэмпіянаце Еўропы ў Эйлаце ён выступаў у вагавай катэгорыі 67 кілаграмаў.

Вынік выступу цяжкаатлета вызначаецца паводле сумы ўзнятых кілаграмаў у двух практыкаваннях – рыўку і штуршку. Пры гэтым у кожным практыкаванні выконваецца тры падыходы, падчас якіх вага кожнага разу ўзрастае.

Такім чынам, Дзмітрый у рыўку ў першым падыходзе ўзняў вагу 113 кілаграмаў, другім падыходам ён ірвануў штангу вагой 117 кг, і падчас трэцяга падыходу яму скарыліся 122 кг. Вынікам стала тое, што ў рыўку Дзмітрый Ходас заваяваў залаты медаль чэмпіянату і адначасова ўсталяваў рэкорд Беларусі сярод юнакоў да 17 гадоў.

Напачатку і практыкаванні ў штуршку выконваліся Дзмітрыем паспяхова. Першы падыход – 138 кг. Падчас другога падыходу ён штурхнуў штангу вагой 143 кг. Падчас трэцяга падыходу ён меўся штурхнуць 146 кг. Але не атрымалася – у Дзмітрыя аказалася траўмаванай спіна. У выніку Дзмітрый нават не здолеў самастойна пакінуць памост. Залічаны ж суддзямі вынік другога падыходу ў 143 кілаграмы дазволіў спартоўцу стаць бронзавым прызёрам Чэмпіянату Еўропы паводле вынікаў двухбор’я, пра што і паведамілі дзяржаўныя СМІ.

Адзін з момантаў Чэмпіянату Еўропы ў Эйлаце. Фота з адкрытых інтрнэт-крыніц

Адразу пасля траўмы яму зрабілі аперацыю, але яна істотна палепшыць стан спартоўца не змагла. Дыягназ, выстаўлены яму на цяперашні момант лекарамі – закрыты пераломавыкрут Th10 - Th11 хрыбеткаў, з ударам і сцісканнем млечу (спінавага мозгу), ніжняя параплегія (параліч ніжніх канцавінаў), парушэнне функцыяў лагвовых органаў. Зараз Дзмітрый лекуецца ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

«Пакуль я ляжу ў лякарні і нічога платнага для мяне тут няма. Але ведаю, што месяц рэабілітацыі пасля такой траўмы ў Ізраілі каштуе 50 тысячаў даляраў», ­

– паведаміў Палескай Вясне Дзмітрый Ходас.  


У сеціве абвешчаны збор сродкаў на рэабілітацыю юнага спартоўца.

У ААТ «ААБ Беларусбанк» адкрыты дабрачынныя рахункі для збору сродкаў для лекавання Дзмітрыя Ходаса. Дабрачынныя рахункі адкрыты ў цэнтры банкаўскіх паслуг 500 - г.Мінск, пр.Дзяржынскага, 69/1; УНП 100325912; МФА AKBBBY2X:

- беларускія рублі - транзітны рахунак BY28AKBB38193821000170000000 на дабрачынны рахунак BY81AKBB31340000001420070000 ў цэнтры банкаўскіх паслуг 500 / Аперацыйная служба, дата заканчэння дзеяння дамовы дабрачыннага рахунку 2025/01/02

- даляры ЗША - транзітны рахунак BY28AKBB38193821000170000000 на дабрачынны рахунак BY12AKBB31341000000850070000 ў цэнтры банкаўскіх паслуг 500 / Аперацыйная служба, дата заканчэння дзеяння дамовы дабрачыннага рахунку 2025/12/19

Прызначэнне плацяжу: Збор грашовых сродкаў на імя Ходас Наталлі Васільеўны для лекавання Ходаса Дзмітрыя Алегавіча

Ажыццявіць дабрачынны плацёж можна як ва ўстановах банка, так і з дапамогай паслугі «Адвольны плацёж (плацёж па рэквізітах)» у інфакіёсках, Інтэрнэт-банкінгу і М-банкінгу.

Адвольны плацёж можна ажыццявіць на сайце ААТ «ААБ Беларусбанк».

Таксама можна пералічыць сродкі на банкаўскую картку: 4255 2003 0252 4947, тэрмін дзеяння - 03/20.


Палеская Вясна папрасіла пракаментаваць сітуацыю былога трэнера ў цяжкой атлетыцы і паўэрліфтынгу з Рэчыцы, які ў свой час таксама ўваходзіў у такі ж склад зборнай Беларусі ў цяжкой атлетыцы і пазней, у 2016 годзе, заваяваў бронзавы медаль на Чэмпіянаце Еўропы ў класічным паўэрліфтынгу, Рыгора Цярэшчанку:

                             Рыгор ЦЯРЭШЧАНКА

«Мне крыўдна, што ў нас вось так абыходзяцца з маладымі спартоўцамі, тым больш тымі, якія прынеслі медалі і ўславілі нашую краіну на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах. Пасля гэтага многія задумаюцца, ці трэба нацэльваць сваіх дзетак на нейкія высокія дасягненні ў спорце. 50 тысячаў даляраў для дзяржавы – гэта дробязі. А іх збіраюць талакой ад неабыякавых грамадзян. Гэта найбольш абурае. На мой погляд, урад проста абавязаны паклапаціцца пра спартоўца, цалкам аплаціць лекаванне і рэабілітацыю. Канешне, спартовыя функцыянеры могуць сказаць, што Дзмітрый не быў у асноўным складзе, не быў у нацыянальнай камандзе. Але ж ён выступаў за краіну, ды яшчэ і ўвайшоў у лік прызёраў еўрапейскага першынства. З такімі падыходамі спартовых функцыянераў – не дзіўна, што ў нас няма каму выступаць у дарослых чэмпіянатах і Алімпіядах. Шмат хто, пабачыўшы, што робіцца ў так званым вялікім спорце, адчуўшы стаўленне да сябе, папросту ўцякае са спорту куды заўгодна».