Чарговы "экстрэміст" з Рэчыцы
Жорж Кунцэвіч
14.08.2023
>>
У "Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці", які МУС
Беларусі аднавіў 11 жніўня, унесена прозвішча палітзняволенага з Рэчыцы Віктара
Яроменкі.
Прысуд яму быў вынесены Гомельскім абласным судом 10
траўня.
Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 21 красавіка, вёў у
закрытым судовым пасяджэнні суддзя Руслан
Царук.
Віктара Яроменку абвінавацілі ў распальванні іншай сацыяльнай
варожасці альбо варажнечы паводле ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і іншых
злачынствах.
Абвінавачаны Яроменак прызнаны вінаватым у наўмысных
дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці
па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, і яму прызначана
пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады.
Ён жа прызнаны вінаватым у заведамым пастаўленні іншай
асобы ў небяспеку заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) і на падставе
ч.1 арт. 157 Крымінальнага кодэкса яму прызначана пакаранне ў выглядзе
пазбаўлення волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.
Шляхам частковага складання вынесеных пакаранняў Яроменку
канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць
гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.