У спісе палітзняволеных – яшчэ адзін чалавек з Мазыра

Цімур Казачэнка 11.04.2023

>>>

35-гадовы Дзмітрый Макаркоў з Мазыра адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Ён прыгавораны да 1,5 гадоў абмежавання волі па адным з «народных» артыкулаў Крымінальнага кодэкса – «Абраза прадстаўніка ўлады».

Дзмітрый Макаркоў стаў адным з асуджаных за абразу міліцыянта Андрэя Комара. Апошні - гэта старшы ўчастковы інспектар АУС Першамайскага раёна г. Бабруйска Магілёўскай вобласці, капітан міліцыі. Пасля 2020 года ва многіх раёнах краіны прайшлі суды над людзьмі, якія негатыўна выказаліся пра яго ў інтэрнеце – у сувязі з тым, што ён затрымліваў удзельнікаў акцый пратэсту, а затым даваў паказанні супраць іх.

Паводле судовай пастановы, Дзмітрыю Макаркову таксама прызначана выплаціць грашовую кампенсацыю ў памеры 100 базавых велічынь (3200 руб.) Комару, якога суддзя палічыла пацярпелым. Пастанову вынес суд Ленінскага раёна г. Магілёва 24 мая 2022 года, справу вяла прызначаная Лукашэнкам на пасаду суддзі Аксана Ратнікава.

У судзе Макаркоў сваю віну прызнаў часткова. Ён пагадзіўся з тым, што сапраўды напісаў у сацыяльнай сетцы каментарый пра Комара, але не з ідэалагічных прычынаў, а таму, што бачыў у інтэрнеце відэазапіс, на якім гэты ўчастковы падчас акцыі пратэсту ў 2020 г. біў жанчыну кулаком у твар.

Дзмітрый Макаркоў адбывае пакаранне з 28 жніўня 2022 года. МУС унес яго ў спіс асобаў, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Палітзняволеным ён прызнаны ў заяве, якую праваабаронцы прынялі 5 красавіка 2023 года. Напісаць яму можна на адрас: Макаркоў Дзмітрый Пятровіч, ПУАТ № 36, вул. Караткевіча, 14, Мінск, 220039.

На цяперашні час у месцах зняволення ў краіне па артыкуле 369 (абраза прадстаўніка ўлады) знаходзіцца 281 чалавек, якія ўключаны ў спіс палітзняволеных. Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі на сёння – 1486.