Алена Маслюкова: “У жыцці павінна прысутнічаць павага да кожнага чалавека”

Жорж Кунцэвіч 10.12.2023

>

10 cнежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека. Праваабаронца са Светлагорску Алена Маслюкова распавяла, чаму, на іх пункт погляду, канцэпцыя правоў чалавека ўсё яшчэ працуе, што надае ім сілу і матывацыю абараняць каштоўнасці правоў чалавека цяпер, а таксама якія сродкі прасоўвання гэтых каштоўнасцяў яны бачаць найбольш дзейснымі.


"Да ўсведамлення і разумення канцэпцыі правоў чалавека чалавецтва прайшло доўгі і складаны шлях. Але нават у ХХІ стагоддзі многія людзі, на жаль, у сваім светапоглядзе пакінулі правы чалавека па-за межамі неабходнасці і значнасці іх у сваім жыцці, не ацанілі іх каштоўнасць. І гэта вельмі сумна, бо ва ўсім свеце мы дагэтуль сутыкаемся з парушэннямі правоў чалавека. Аднак гэта не азначае, што канцэпцыя правоў чалавека не працуе. Справа ў тым, што правы чалавека парушаліся раней і будуць парушацца надалей, бо існуюць дзяржавы. І гэта факт, гэта проста трэба прыняць. А пасля ўсведамлення таго, што любая дзяржава ў любой кропцы свету можа парушыць нашыя правы, варта таксама зразумець іншае: за правы чалавека трэба змагацца сістэмна і паслядоўна, неабходна займацца выбудоўваннем такой дзяржавы, такога палітычнага рэжыму, такой грамадзянскай супольнасці пры якіх правы чалавека стануць найзначнейшаю каштоўнасцю.

Выхаванне бацькоў наклала вялікі адбітак на маё жыццё. Мой тата часта са мной гаварыў на розныя тэмы, якія я ў дзяцінстве не ўспрымала як увядзенне ў правы чалавека. Гэта былі гутаркі пра тое, што такое “добра” і “што такое “кепска”. І гэта засталося са мной на ўсё жыццё. Толькі стаўшы дарослай, я зразумела сэнс ўсяго, пра што мы гаварылі з татам: у жыцці павінна прысутнічаць павага да кожнага чалавека, незалежна ад полу, узросту, нацыянальнай прыналежнасці ці колера скуры. Правы чалавека наўпрост звязаныя з чалавекалюбствам,  а прынцыпы гуманізму ёсць мера дзейнасці дзяржавы, у якой патрэбы чалавека, яго цікаўнасці, інтарэсы становяцца  асновай яе функцыянавання. Я ў гэтым перакананая.

Чаму я працягваю бараніць правы? Напэўна таму, што бачу, як мая краіна Беларусь штодзённа скатваецца ў багну прававога нігілізму, дзе правы чалавека нічога не вартыя, што гэтае словазлучэнне ўспрымаецца як нешта непатрэбнае, іншароднае беларусам. У такі цяжкі час, калі не працуюць ні законы, ні Канстытуцыя, калі праві чалавека нічога для ўладаў не вартыя, калі працягваеццца хваля рэпрэсій, калі людзям патрэбна дапамога, то што застаецца рабіць? Працаваць і бараніць правы…

На мой погляд, самым дзейсным метадам прасоўвання канцэпцыі правоў чалавека, было, ёсць і застанецца выхаванне чалавека з самага маленства ў асяродку павагі да правоў чалавека. Адукацыя чалавека цягам усяго жыцця. Не меньш дзейсным з’яўляецца таксама папулярызацыя правоў чалавека праз СМІ і, безумоўна, прыклад жыцця і дзейнасці выбітных праваабаронцаў, такіх, як Элеанора Рузвельт, Нельсан Мандэла і г. д. А для нас, беларусаў, безумоўным прыкладам з’яўляюцца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Уладзь Лабковіч і ўсе палітвязні, якія мелі і маюць гонар і моц бараніць свае правы, нават знаходзячыся за кратамі. Я маю на ўвазе і зняволеных выбітных беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і шэраговых зняволеных грамадзян.

Фота: праваабаронца Алена Маслюкова,  spring96.org